Галівудская актрыса Скарлет Ёхансан упершыню стала мамай
Яна нарадзіла дачку, якую назвалі Розай.
Гэта пакуль што адзінае дзіця вядомай амерыканскай кіназоркі з беларускімі каранямі (продкі Скарлет — з Мінска). І Ёхансан, і яе дачка адчуваюць сябе добра, запэўніў агенцтва Associated Press афіцыйны прадстаўнік актрысы Марсэль Парызе. Разам з тым ён адзначыў, што галівудская знакамітасць і яе жаніх вырашылі схаваць дзяўчынку ад увагі прэсы.
Бацькам Розы стаў французскі журналіст Рамэн Дарыяк. Пара заручылася год таму, але вяселле яшчэ не адбылося. Праўда, некалькі месяцаў таму з размовы, падслуханай на свецкай вечарыне, папарацы нібыта даведаліся, што ўрачыстасць запланаваная на жнівень, адзначае echo.msk.ru.
Перапыняць сваю плённую кар'еру з-за нараджэння дзіцяці Скарлет Ёхансан не збіраецца. Яна ўжо згадзілася паўдзельнічаць у здымках гістарычнай камедыі братоў Коэн "Авэ, Цэзар", якая раскажа пра закуліснае жыццё Галівуда 1950-х гадоў.
Фота — ruette.ru