Галівудскія зоркі і Deutsche Bank правядуць першы экалагічны аўкцыён

У  Дзень выратавання Землі 22 красавіка сусветна вядомыя артысты правядуць ў Нью-Ёрку аўкцыён, усе прыбыткі ад якога аддадуць прыродаахоўным арганізацыям. Пра гэта, па звестках Onet.pl, паведаміў аўкцыённы дом Christie's. Праекты будуць ажыццёўленыя ў 150 краінах свету, у тым ліку ў Беларусі. У арганізацыйны камітэт "зялёнага" аўкцыёну ўвайшлі акторы Леанарда Ды Капрыё, Харысан Форд, Тобі Магуайр, Алек Болдуін і Салма Хаек, мультымільянер Франсуа-Анры Піно ды іншыя знакамітасці.

На аўкцыён пойдуць карціны сучасных мастакоў Кіта Тайсана, Маі Лін, Субодха Гупта і Алафура Эліасана. У якасці лотаў разыграюць асабістыя сустрэчы з акторам Х'ю Джэкманам і спявачкай Крыстынай Агілерай, а таксама экалагічныя падарожжы і ювелірныя вырабы.

Ініцыятыву Christie's падтрымалі Deutsche Bank і медыя-холдынг NBC Universal.