“Галодны” кіроўца наехаў на нагу супрацоўніцы “Макдрайва” ў Мінску

Кіроўца легкавіка наехаў на нагу супрацоўніцы рэстарана “Макдональдс” у Мінску. Малады чалавек, які ўначы вырашыў падмацавацца фаст-фудам, накіраваўся ў “Макдрайв”. У момант, калі дзяўчына падыходзіла да яго браць замову, ён перадумаў стаяць у чарзе і вырашыў аб’ехаць калону з аўтамабіляў. Левым колам ён наехаў на нагу супрацоўніцы рэстарана. Паводле слоў дзяўчыны, яна доўга крычала, але малады чалавек толькі ўсміхаўся. Толькі праз дзве хвіліны ён з’ехаў з нагі і знік з месца здарэння.

Нягледзячы на боль, у дзяўчыны пералом стапы, яна паспела запісаць нумар машыны. Як паведамляе “Комсомольская правда в Беларуси”, цяпер кіроўцу пагражае або штраф да 30 базавых велічыняў, або пазбаўленне правоў да двух гадоў. Таксама ён будзе аштрафаваны за тое, што пакінуў месца здарэння.