"Гамбург" набыў беларускага футбаліста Антона Пуцілу за паўмільёна еўра

Нямецкі футбольны клуб "Гамбург" набыў у мінскага "Дынама" 20-гадовага Антона Пуцілу. Паўабаронца маладзёжнай зборнай Беларусі абышоўся немцам у 500 тысяч еўра, паведамляе “Прэсбол”. На гэтым тыдні беларус павінен прыбыць у распараджэнне свайго новага клуба. Ужо ў панядзелак, 7 студзеня, ён адправіцца з асноўным складам “Гамбурга” на зборы ў Дубаі. Галоўны трэнер нямецкага клуба Хууб Стэванс назваў Пуцілу "маладым талентам".

На дадзены момант у чэмпіянаце Нямеччыны перапынак. У турнірнай табліцы “Гамбург” займае трэцяе месца пасля “Баварыі” і “Вердэра”.