Генконсул Польшчы кажа пра малы лік злоўжыванняў Картай памежнага руху
Генеральны консул Польшчы ў Брэсце Ганна Новакоўска пракаментавала Еўрарадыё магчымасць злоўжыванняў Картай памежнага руху. Нагадаем, што сёння Палата прадстаўнікоў ратыфікавала Дамову аб малым памежным руху паміж Беларуссю і Польшчай.
Нагадаем, спадарыня Новакоўска працавала раней ва Ўкраіне. Паміж Польшчай і Ўкраінай ужо дзейнічае двухбаковая Дамова аб малым памежным руху. Спадарыня Новакоўска сказала Еўрарыдыё, што зусім мала людзей спрабавалі паехаць з Картай малога памежнага руху ўглыб Еўрасаюзу.
Ганна Новакоўска: "Украінцы, у якіх была Карта малога памежнага руху, карысталіся ёю згодна з законам. Толькі блізу аднаго адсотка былі пазбаўленыя Карты за злоўжыванне ёю. Да жніўня гэта каля 200 чалавек. Гэта проста дробязь у параўнанні з выдадзенай колькасцю дакументаў".
Паводле гэтай Дамовы, жыхары абедзьвюх краінаў, якія больш за тры гады жывуць у 30-кіламетровай прымежнай зоне, змогуць перасякаць мяжу на падставе Карты памежнага руху. Гэты дакумент коштам 20 еўра будзе выдавацца на тэрмін ад 2 да 5 гадоў і дазволіць знаходзіцца на акрэсленай тэрыторыі сумежнай краіны 90 дзён за паўгода.
У Польшчы ад Дамовы могуць атрымаць карысць каля паўмільёна чалавек, у Беларусі каля мільёна ста тысячаў, сказала Генеральны консул.
Нагадаем, спрошчаны парадак перасячэння польскай мяжы для жыхароў прымежных тэрыторый пачне дзейнічаць з красавіка 2011 года.