Генпракуратура Украіны высветліла, хто падарыў Януковічу залаты батон
Гэта стала вядома пасля вывучэння дакументаў, знойдзеных у Межыгор’і.
Чалавекам, які падарыў экс-прэзідэнту Украіны Віктару Януковічу масіўнае прэс-пап'е ў выглядзе хлебнага батона ў натуральную велічыню вагой 2 кілаграмы, зробленае з золата, з'яўляецца прэзідэнт ААТ "Сумская НВА ім. М.В. Фрунзэ" Уладзімір Лук'яненка. Пра гэта заявіў старшы следчы Генеральнай пракуратуры Ігар Слабадзянік у каментары журналістам.
Следчы распавёў, што падчас вопісу маёмасці ў рэзідэнцыі “Межыгор'е” у запісах начальніка аховы аб'екта Канстанціна Кабзара быў знойдзены спіс падарункаў, уручаных Віктару Януковічу у дзень яго нараджэння 9 ліпеня 2013 года. Сярод іншага, у дакуменце адзначана, што залатое прэс-пап'е “батон” было падорана Януковічу менавіта Уладзімірам Лук'яненкам.