Гісторык: У Вялікай Айчыннай вайне загінуў кожны шосты жыхар Беларусі

У гады Вялікай Айчыннай вайны загінуў кожны шосты жыхар Беларусі. Такое меркаванне ў інтэрв'ю агенцтву БелаПАН выказаў гісторык Вадзім Дзеружынскі. Ён адзначыў, што праўдзівыя лічбы загінулых вядомыя даўно і заўсёды былі даступнымі, аднак на працягу шматлікіх гадоў гісторыкі папросту баяліся зрабіць відавочныя высновы.

Навуковец нагадаў, што існуе некалькі версій людскіх страт Беларусі ў гады вайны. Так, на пачатку 1960-х гадоў стала агульнапрынятай афіцыйная лічба стратаў у 2,2 млн чалавек. Гэта амаль кожны чацвёрты з дзевяцімільённага даваеннага насельніцтва Беларусі. Пказчык складаўся з сумы больш як 1,4 млн чалавек грамадзянскага насельніцтва і звыш 800 тыс. ваеннапалонных, знішчаных нацыстамі ў гады акупацыі на тэрыторыі БССР. Аднак гісторык нагадвае, што 800 тыс. ваеннапалонных не былі жыхарамі Беларусі, а паходзілі з іншых савецкіх рэспублік.

Таксама Дзеружынскі адзначае, што гістарычныя даследаванні паведамляюць, што ў шэрагах Узброеных Сіл СССР (уключна з партызанскімі фармаваннямі) загінулі 250 тыс. жыхароў Беларусі. Такім чынам, падсумаванне страт мірнага (1,4 млн.) і ваеннага (250 тыс.) насельніцтва даюць лічбу ў 1,65 млн чалавек, што складае толькі адну шостую ўсяго даваеннага насельніцтва БССР. Па словах даследчыка, гэты паказчык пацвярджае і аналіз дэмаграфічных крыніц.

Гісторык кажа, што не вытрымоўваюць ніякай крытыкі заявы асобных палітыкаў аб тым, што ў гады вайны ў Беларусі загінуў кожны трэці, а то і кожны другі яе жыхар. Па ягоных словах, найбольшыя страты ў БССР у гады вайны панеслі габрэі (каля 1 млн чалавек). Сярод беларусаў ахвяры складаюць ад 500 да 650 тысяч. Прычым амаль палова з іх — тыя, хто загінуў у вайне супраць СССР, хто ўваходзіць у лік "невяртанцаў" ці быў знішчаны карнымі органамі СССР.