Гродзенцы за два тыдні так і не схадзілі на выставу пра Пушкіна

У пятніцу ў Гродне павінна адкрыцца другая частка выставы, прысвечанай 210-годдзю з дня нараджэння Аляксандра Пушкіна. На першую частку за два тыдні ніхто не пайшоў.
Выставу ладзіць вайсковы пенсіянер 85-гадовы Мікалай Аляксеенка. Ён лічыць, што такім чынам падвысіць прафесійны ўзровень настаўнікаў і выкладчыкаў рускай літаратуры, якіх у горадзе больш за дзвесце. На ягоны погляд, падручнікі, якіямі яны карыстаюцца, даўно састарэлі. Аднак выставу наведалі толькі два настаўнікі, якіх Мікалай Аляксеенка запрасіў асабіста.
 
Сам Мікалай Аляксеенка ніколі не выкладаў рускую літаратуру. І Пушкіным зацікавіўся выпадкова. Ён заўжды захапляўся Леніным і дзекабрыстамі. Усё змянілася з прыходам перабудовы.

Мікалай Аляксеенка: “Перабудова, ужо Ленін не ў модзе, кампартыю разагналі. Ужо мая тэма засохла. Я пераключыўся проста на Пушкіна, ды і ўсё. Неяк Пушкіна яшчэ глядзелі, а зараз гэта ўсім да лямпачкі”.

Экспазіцыя складаецца амаль з пяцісот кніг пра паэта і ягоных сучаснікаў. Стэнды з літаратурай і здымкамі выстаўлены ў вокнах кінатэатру “Усход”. У першай частцы сабрана літаратура пра жыццё і творчасць да шлюбу, у другой — ад шлюбу да смерці паэта. У кожнай выкарастана па 34 стэнды. Дзякуючы знаёмству з Пушкіным, на выставу трапіў і Адам Міцкевіч, які значна бліжэй гродзенцам. Яму прысвечана два стэнды.

Значную колькасць экспазіцыі складаюць выданні з хатняй бібліятэкі Мікалая Аляксеенкі. Толькі ў гэтым годзе ён шэсць разоў ездзіў у Маскву і Санкт-Пецярбург, каб набыць літаратурныя навінкі. Некаторыя кніжкі пазычыў у бібліятэках, у аматараў творчасці паэта і ў музеі-кватэры Пушкіна на Мойцы ў Санкт-Пецярбурзе.

Дарэчы, гэта ўжо пятая пушкінская выстава, якую пенсіянер арганізаваў у Гродне. Першая адбылася ў 1985 годзе ў вокнах гарадскіх крамаў і установаў на вуліцы Савецкай.