Гродзенскія мытнікі затрымалі больш як 250 кг макавай саломкі

Кантрабандысты спрабавалі правезці ў Беларусь вялікую партыю макавай саломкі. Як інфармуе БелаПАН, у пункце пропуску "Прывалка" у грузавой машыне, якая ішла з Польшчы праз Літву і Беларусь у Расію, мытнікі аглядалі груз свежай капусты. Яны ўбачылі, што гародніна была толькі прыкрыццём для незаконнай перавозкі макавага зерня агульнай вагой каля 10 тон, пафасаваных у 400 мяхоў.

Падчас далейшай праверкі мытнікі звярнулі ўвагу на высокую засмечанасць макавага зерня рэчывам расліннага паходжання. У выніку экспертызы высветлілася, што ўперамешку з зернем маку ў грузе знаходзілася значная колькасць макавай саломкі - амаль 254 кг.