Гуляка забараніў паказваць на фэсце “Magnificat-2010” фільм сустаршыні БХД

Фільм “Хрыстос забаронены” быў зняты з праграмы “Magnificat-2010”. Як паведамляе сайт "Мы", гэта адбылося пасля тэлефанавання Ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі дырэктару фэсту, рэжысёру Юрыю Гурулёву. Як паведаміў стваральнік фільма, сустаршыня аргкамітэту Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Аляксей Шэін, дырэктару фэсту прапанавалі або зняць фільм з праграмы, або мець праблемы з правядзеннем наступных фэстаў “Magnificat”. Па словах Гулякі, фільм Шэіна не прайшоў дзяржаўную экспертызу.

Сустаршыня БХД не будзе настойваць на высвятленні прычын забароны на паказ стужкі. Ён лічыць правядзенне фэсту больш важным, чым паказ свайго фільму.

“Хрыстос забаронены” распавядае пра Евангельскую царкву, якая – як і іншыя хрысціянскія канфесіі ў БССР – адчувала магутны ціск уладаў, а часамі – і татальныя рэпрэсіі.