Гурт "Крамбамбуля" наладзіў украінскую прэм’еру новага альбома ў Карпатах

Гурт "Крамбамбуля" вярнуўся з Заходняй Украіны, дзе прымаў удзел у міжнародным фэсце "Славське-рок", які праходзіў сярод маляўнічых горных краявідаў Карпатаў.
Украінская прэм’ера новага альбома "Крамбамбуля Святочная" прайшла на выдатна. Пра гэта паведамляе прадзюсарскі цэнтр “Дзеці Сонца”.

На фэсце акрамя беларусаў і гаспадароў былі таксама музыкі з Англіі, Венгрыі, Польшчы і Нямеччыны. "Крамбамбуля" была сярод хэдлайнераў апошняга дня. "Было вельмі прыемна, што людзі добра ведалі некаторыя нашы песні, асабліва "Госьці", і спявалі разам з намі", — кажа Лявон Вольскі.

Фэст меў не толькі музычную, але і спартыўную, экалагічную і мастацкую праграмы. "Крамбамбульцы" прынялі актыўны удзел у "інтэграцыйнай" праграме, якая адбылася пасля сканчэння фэсту ў гатэлі — музыкі з розных краін спявалі разам у нефармальных абставінах.

"Самае смешнае пачалося, калі дайшло да народных песень, — распавядае Вольскі. — Украінцы пачалі спяваць свае, якія між іншым у нас лічацца беларускімі. Адрозніваліся толькі канчаткі і асобныя словы. У выніку мы пачалі спяваць гэтыя песні разам — куплет яны на свой узор, куплет мы на свой. Падпявалі нават брытанцы!"