Хрысціянскія дэмакраты паўторна заснавалі сваю партыю (ФОТА)

На другім устаноўчым з’ездзе Беларускай хрысціянскай дэмакратыі дэлегаты ізноў прагаласавалі за заснаванне сваёй партыі, прынялі рашэнне аб падачы заявы ў Мінюст на рэгістрацыю, абралі кіраўніцтва і тых, хто будзе адстойваць інтарэсы БХД у судзе. Нягледзячы на тое, што Хрысціянскія дэмакраты ўжо праводзілі ўстаноўчы з’езд і прагаласавалі за стварэнне сваёй партыі, Мінюст у рэгістрацыі новай партыі адмовіў. І зараз, перад чарговай спробай зарэгістравацца, БХД вымушана была правесці такі ж з’езд паўторна.

Для гэтага з усіх рэгіёнаў Беларусі ў Палац культуры Трактарнага завода з’ехалася больш за 300 дэлегатаў. У зале прысутнічалі супрацоўнікі амаль усіх амабасад еўрапейскіх краін і ЗША,  прадстаўнікі хрысціянска-дэмакратычных партый з розных краін і журналісты з 23 сродкаў масавай інформацыі.

Не абыйшлося без недарэчнасцяў. Як паведаміў сустаршыня БХД Павал Севярынец, па незалежных ад іх прычынах у Мінск не здолела даехаць частка дэлегатаў з рэгіёнаў. У прыватнасці — з Гродзенскай вобласці.

Як звычайна, з’езд пачаўся з вітальных слоў калег і аднадумцаў. У выніку, дайшлі да таго, дзеля чаго, па сутнасці, і сабраліся. Прагаласавалі за рашэнне аб стварэнне партыі БХД, яе назвы, сымболікі і рэгістрацыі. Выбралі Нацыянальную раду з 70 сябраў партыі і сустаршыняў — ад выбару старшыні партыі адмовіліся.

Сустаршынямі, як было і дагэтуль, абралі Паўла Севярынца, Віталя Рымашэўскага, Аляксея Шэіна і Генадзя Змітрука.

















Фота аўтара.