Ініцыятыўная група па "аўтарэферэндуме" пойдзе рэгістравацца 8 красавіка

Пра такія планы паведаміў Еўрарадыё намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў. Па яго словах, затрымка выкліканая тым, што натарыўсы не хочуць завяраць дакументы чальцоў ініцыятыўнай групы.  Лялькоў: "У нас завераных подпісаў яшчэ на мінулым тыдні было больш за сто. Зараз апошнія пару дзён мы збіраем. І папярэдне плануем, што 8 красавіка, у чацвер, будзем падаваць у Цэнтральную камісію па выбарах і рэферэндумах".

Як адзначыў Лялькоў у каментары Еўрарадыё, у пытаннях адмены аўтамабільных мытаў ПБНФ супрацоўнічае з грамадзянскай ініцыятывай "За аўто". Частка ўдзельнікаў ініцыятывы ўвайшла ў групу Партыі БНФ.

ПБНФ прапануе правесці рэферэндум па пытанні "Ці падтрымліваеце вы захаванне мытных пошлін на ўвоз у Рэспубліку Беларусь легкавых аўтамабіляў замежнай вытворчасці па стане на 26 лістапада 2009 года?"

Некаторыя крытыкі зазначаюць, што ўлады могуць аспрэчыць гэтую фармулёўку, бо на рэферэндум не выносяцца пытанні падаткаў. Але па словах Лялькова, пытанне Партыі БНФ кансультавалі юрысты і не знайшлі супярэчанняў з законам, бо мытныя пошліны не з'яўляюцца падаткамі.