Інстытут нацыяльнай памяці пацвердзіў, што Лех Валенса быў агентам спецслужбаў
З заключэння экспертаў Польскага Інстытута нацыяльнай памяці вынікае, што подпіс пад дакументам пра супрацу са Службай бяспекі 21 верасня 1971 года належыць лідару “Салідарнасці” Леху Валенсу.
Першы абраны прэзідэнт Польшчы Лех Валенса быў сакрэтным супрацоўнікам камуністычных спецслужбаў. Пра гэта на адкрыцці канферэнцыі польскага Інстытута нацыянальнай памяці заявіў кіраўнік інстытута Яраслаў Шарэк. Па яго словах, цягам шасці гадоў — з 1970-га па 1976-ы — будучы лідар “Салідарнасці” значыўся ў спісах польскай Службы бяспекі пад псеўданімам "Болек". "Болек" неаднаразова пісаў даносы на сваіх калег і браў за гэта грошы.
Абаронца Леха Валенсы прафесар Ян Відацкі сцвярджае, што заключэнне экспертызы нічога не тлумачцыць. Параўнанне цяперашняга почырка Валенсы з почыркам 70-х гадоў не мае ніякай вартасці, бо тады Валенса быў звычайным рабочым, які пісаў не часта. Яго почырк таго перыяду не вельмі выпрацаваны, тыповы для работніка фізічнай працы. Пасля 80-х гадоў почырк у Валенсы — зусім іншага ўзроўню. Параўноўваць почыркі з розных перыядаў з крымінальнага пункту гледзішча не мае сэнсу, заяўляе Відацкі.
Яраслаў Курскі, першы намеснік “Газеты Выборчай”, сказаў у эфіры тэлеканала TVN24: “Не адбылося ніякіх адкрыццяў. Сам факт, што ў Леха Валенсы быў гэты эпізод, вядомы яшчэ з канца 70-х. Тое, што адбываецца цяпер, — змены іерархіі аўтарытэтаў. Паказаць, што Лех Валенса быў агентам, а не героем, а сапраўдныя героі — Лех Качыньскі, Анджэй Гвязда, Ганна Валентыновіч. Для мяне гэта сумны момант і сумны дзень. Спачуваю Леху Валенсу”.
Прэс-канферэнцыя Інстытута нацыянальнай памяці працягваецца. Сам Валенса трымае маўчанне і ніяк не каментуе абвінавачванні ў свой бок.