Іракскі журналіст, які кінуў чаравікам у Буша, датэрмінова выйдзе на волю

Іракскі журналіст Мунтазер аль-Зайдзі, які праславіўся тым, што шпурнуў чаравік у прэзідэнта ЗША Джорджа Буша, за ўзорныя паводзіны выйдзе з турмы на некалькі месяцаў раней.
Як нагадвае Associated Press, Аль-Зайдзі знаходзіўся пад вартай са снежня 2008 года — з таго самога дня, калі ён такім нечаканым спосабам выказаў сваё вельмі негатыўнае стаўленне да Буша.

Сёлета ў сакавіку журналіста асудзілі на тры гады пазбаўлення волі за напад на замежнага лідэра, але ў красавіку тэрмін скарацілі да аднаго года з-за яго маладога веку і адсутнасці папярэдніх судзімасцяў.

Аднак дзякуючы бездакорным паводзінам ён выйдзе з турмы не ў снежні 2009 года, а ўжо ў верасні.

Нагадаем, пасля такога смелага ўчынку аль-Зайдзі стаў народным героем у Іраку і ва ўсім арабскім свеце. Кіданне чаравікам стала адным з улюбёных метадаў палітычнага пратэсту: ботам дасталася многім сусветным лідэрам, іх партрэтам або пудзілам.