Ісмаіл Варановіч: Я выступіў на судзе над Здзвіжковым, гэтага дастаткова

На 22 лютага прызначаны разгляд у Вярхоўным судзе касацыйнай скаргі журналіста Аляксандра Здзвіжкова. У студзені ён быў асуджаны Мінскім гарадскім судом на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму за перадрук у 2006 годзе ў газеце”Згода” карыкатур на прарока Мухамеда. Здзвіжкова прызналі вінаватым у распальванні рэлігійнай варожасці.

Еўрарадыё пацікавілася ў старшыні Духоўнага ўпраўлення мусульман Рэспублікі Беларусь Ісмаіла Варановіча, ці робіць ён якія-небудзь захады ў справе вызвалення Здзвіжкова. Вось што ён кажа:

“Я выказаўся на судзе па пытанні Здзвіжкова. Мне падаецца, што зусім было дастаткова гэтага…”

Варановіч не збіраецца пісаць у дзяржаўныя ўстановы з просьбай дараваць журналісту, хоць і шкадуе, што яму вынеслі сур’ёзнае пакаранне. Ён спасылаецца на тое, што ў 2006 годзе мусульмане ўжо напісалі ліст з асуджэннем публікацыі карыкатур:

“Мы свой погляд па гэтых публікацыях выказалі ў лісце, таму, калі будзем цяпер ў іншым кірунку пісаць, дык гэта будзе супярэчыць. Таму тут трэба тонка глядзець на гэтую справу”.

Аднак, калі Вярхоўны суд вырашыць вызваліць Аляксандра Здзвіжкова, мусульмане з разуменнем паставяцца да такога рашэння, кажа Варановіч.