Італьянец, які выкрадаў беларускую мадэль, цяпер скраў шведскую дзяўчыну

Італьянская паліцыя затрымала Клаўдыё Расэта, 42-гадовага жыхара горада Чынізела-Бальзама. Мужчыну падазраюць у выкраданні і шматразовых згвалтаваннях шведскай мадэлі.

Як паведамляе newsru.com, у траўні 2008 года Расэта выкраў і згвалціў 18-гадовую беларускую мадэль. Тады яго асудзілі да 5 гадоў турмы. Са зняволення італьянец выйшаў у 2013 годзе.

Гэтым разам ахвярай Расэта стала шведская мадэль польскага паходжання. Паведамляецца, што яна прыехала ў Мілан у верасні 2014-га ў пошуках працы, а перад тым удзельнічала ў конкурсах прыгажосці.

Каб завабіць дзяўчыну ў Італію, Расэта назваўся агентам, які дапаможа заключыць кантракт. Ён прапанаваў дзяўчыне пажыць у яго дома, а потым стаў заляцацца да яе. Урэшце заляцанні перараслі ў дамаганні. Ён прымусіў дзяўчыну спыніць кантакты з навакольным светам. Зрэдку ён дазваляў палонніцы выходзіць у Skype і Facebook, каб паведаміць бацькам, быццам з ёй усё ў парадку.

Сам жа мужчына гвалтаваў і збіваў сваю палонніцу. У суботу крыкі дзяўчыны пачуў сусед. Ён выклікаў карабінераў, якія і вызвалілі ахвяру.

Фота — Global Look Press