Іван Шыла і Франак Вячорка распаўсюдзілі заявы ў справе іх прызыву ў войска

Актывісты маладзёжнага руху Іван Шыла і Франак Вячорка распаўсюдзілі заявы ў справе іх прызыву ў войска. Яны перакананыя, што сутыкнуліся з новай формай палітычнага пераследу.  У прыватнасці Шыла заяўляе, што мае дакладную інфармацыю пра ціск, які аказваўся супрацоўнікамі спецслужб на медкамісію. Бо спачатку яго прызнавалі непрыдатным да службы ў мірны час, а пасля змянілі рашэнне. "Нават калі дыягназ адпавядае сапраўднасці, ісці ў войска - значыць пагадзіцца з нахабствам і незаконнасцю", - піша ён. Шыла патрабуе правядзення незалежнай медкамісіі, прыцягнення да адказнасці супрацоўнікаў КДБ і ваенкома Салігорскага раёна, якія "аказвалі ціск на сяброў медычнай камісіі", а таксама магчымасці скончыць сярэднюю школу і даздаць іспыт у траўні сёлета.

Франак Вячорка заяўляе, што вынікі яго медыцынскага абследавання маглі быць сфальсіфікаваныя, бо раней ён прызнаваўся непрыдатным да службы, а цяпер яго мусяць забраць у войска. Ён збіраецца падаваць у суд на рашэнне прызыўной камісіі і дзеянні супрацоўнікаў ваеннага шпіталя, заяўляе пра гатоўнасць прайсці незалежную медыцынскую экспертызу. Таксама Вячорка збіраецца патрабаваць прыцягнення да адказнасці асобаў, якія 16 студзеня збівалі яго ў шпіталі і гвалтам завезлі ў ваенкамат, і ўзнаўлення ў БДУ, адкуль ён быў адлічаны.