Каб атрымаць шчырыя адказы, экзіт-пол правядуць па новай методыцы

Інфармацыю апрацуюць у Кіеве і адразу агучаць у беларускім тэлеэфіры.

Кампанія "TNS Украіна" будзе праводзіць экзіт-полы па замове тэлеканала АНТ. Як распавёў Еўрарадыё дырэктар кампаніі Мікалай Чурылаў, апытваць выбаршчыкаў на выхадах з участкаў будуць беларускія студэнты, якія ніяк не звязаныя паміж сабой і не прадстаўляюць інтарэсаў кагосьці.
"Як ні дзіўна, у Беларусі апытальныя сеткі малалікія, а нам трэба як мінімум 900 чалавек".
Таму кампанія звярнулася па дапамогу да універсітэтаў, якія прапанавалі студэнтаў-сацыёлагаў з розных курсаў і розных гарадоў. Цяпер іх вучаць спецыялісты з Кіева. Яны ж будуць і кантраляваць працу падчас выбараў.
Уся інфармацыя будзе збірацца ва Украіне і там жа апрацоўвацца, працягвае Мікалай Чурылаў.
"Інтэрв'юеры будуць працаваць тут, а ўсю інфармацыю будуць перадаваць ва Украіну. З кожным з іх паасобку будуць звязвацца па мабільным аператары з Украіны, ім будуць дыктаваць дадзеныя, гэтыя дадзеныя будуць апрацоўвацца і адпраўляцца мне, а я ўжо буду іх перадаваць на тэлевізійны канал".
Звесткі будуць збірацца паводле новай методыкі і стануць вядомыя адразу пасля завяршэння галасавання а 20-й гадзіне.
"Гэта методыка, якую вынайшлі SOCIS і TNS. Яна дазваляе здымаць інфармацыю не два разы на дзень, як звычайна здымаюць інфармацыю: на 15 гадзінаў і на 20 гадзінаў — мы маем магчымасць здымаць інфармацыю значна часцей, ледзь не кожныя паўгадзіны. І гэта будзе не проста інфармацыя, а база дадзеных. Мы зможам прааналізаваць, як ідзе выбарчы працэс у кожнай вобласці, у кожным горадзе, па кожным кандыдаце, хто прагаласаваў за яго, дэмаграфічны склад выбаршчыкаў. Але гэта толькі на аснове выбаркі, на аснове тых 11-12 тысяч чалавек, якія будуць апытаныя па ўсёй Беларусі".
Украінскі сацыёлаг, паліттэхнолаг, дэпутат ад Блока Юліі Цімашэнкі Ігар Грынёў быў ідэолагам кампаній Юшчанкі і Цімашэнкі. Паводле яго словаў, TNS — гэта аўтарытэтная міжнародная кампанія, якая ўжо даволі доўгі час працуе ва Украіне і пакуль ні разу не памылялася.
Ігар Грынёў: "Палітычнага ўплыву на кампанію дакладна няма. Я ведаю гістарычны лёс гэтай кампаніі. На сённяшні дзень уласнікамі з'яўляюцца ўладальнікі міжнароднага TNS, і яны зарабляюць на сацыялогіі грошы, а не на палітыцы, ці нечым іншым".
Ва Украіне дадзеныя, якія публікуе праз тыдзень ЦВК, як правіла разыходзяцца з дадзенымі экзіт-полаў усяго на 1-2%.
Іншая рэч — у якой ступені адкрыта грамадства і наколькі беларусы будуць гатовыя казаць праўду, адказваючы на пытанні, адзначае Грынёў.
У сваіх даследаваннях сацыёлаг Андрэй Вардамацкі вынайшаў паняцце "спіраль маўчання". Згодна з ім, у несвабодных краінах, да якой адносяць і Беларусь, людзі баяцца казаць праўду, калі яна датычыцца падтрымкі апазіцыі. Таму часта рэйтынгі дзеючага прэзідэнта ў апытаннях на 10 працэнтаў вышэй, чым насамрэч.
Мікалай Чурылаў кажа, што іх таксама хвалявала гэтае пытанне, але методыка, згодна з якой будуць праводзіцца экзіт-полы, дазваляе ацаніць, наколькі людзі шчырыя ў сваіх адказах.
"На гэтую мэту і накіраваная методыка “канверсійнай мадэлі”. Яна дазваляе ацаніць ступень шчырасці і ступень праўдзівасці. Там адно і тое ж пытанне задаецца ў розных аспектах. Таму гэтая спіраль страху не мае месца. Нас гэта таксама цікавіла: раптам людзі будуць нам хлусіць, раптам будуць завышаць. На наш погляд, людзі адказвалі так, як яны лічаць", — кажа Мікалай Чурылаў.
Апытваць выбаршчыкаў будуць больш як на 300 участках па ўсёй краіне, але толькі 19 снежня. Падчас датэрміновага галасавання экзіт-пол праводзіцца не будзе.
45 участкаў у Мінскай вобласці: Барысаў, Салігорск, Маладзечна, Стоўбцы, Нясвіж, Мар'іна Горка, Жодзіна, Дзяржынск, Заслаўе, Вілейка, Старыя Дарогі, Мядзел, Валожын, Плешчаніца. Прыкладна па столькі ж выбарчых участкаў будзе ахоплена ў іншых абласцях. У Мінску будуць апытваць на 58 участках. У выніку плануюць апытаць 11-12 тысяч чалавек.
А 20 гадзіне 19 снежня на АНТ пачнецца ток-шоў, дзе будуць дакладваць аб выніках па кожнай вобласці. Паводле словаў Чурылава, па замове тэлеканала сацыёлагі запрасілі двух міжнародных экспертаў з Аўстрыі і Швейцарыі.
"Гэта вельмі паважаныя людзі. Самае галоўнае, што яны будуць назіраць, што будзе адбывацца ў дзень выбараў".
У эфіры АНТ яны будуць выступаць са сваімі дакладамі, а вынікі экзіт-полаў агучыць уласна Мікалай Чурылаў.
Фота: delo.ua