Каб дамагчыся беларускага выхавання ў мінскім садку, спатрэбіліся 7 месяцаў

У кастрычніку летась маладыя мінчукі Дар’я Каткоўская і Ігар Крэбс пастанавілі, што зробяць усё, каб іх 3-гадовы сын змалку выхоўваўся па-беларуску. Пры нагодзе высветлілася, што шмат людзей хочуць беларускамоўнай адукацыі, а чыноўнікі часта гатовыя супрацоўнічаць
Ва ўпраўленні адукацыі Фрунзенскага раёна сталіцы высветлілася, што бацькам "па змаўчанні" прапануецца выхаванне рускамоўнае, і толькі калі яны запатрабуць беларускага выхавання, магчыма, будуць залічаныя ў адпаведныя групы. Мала хто дамагаецца "асаблівых умоваў", дый накіраваць іх могуць у дзіцячы садок у некалькіх кіламетрах ад дому.

Так адбылося і з нашымі героямі. Ім прапанавалі два далёкія садкі, якія да таго ж не пасавалі па ўзросце. І тады Дар'я з Ігарам узялі справу ў свае рукі. Клеілі абвесткі, раздавалі буклеты, шукалі спадарожнікаў у медыях і знайшлі нават больш, чым трэба для стварэння новай дзіцячай групы ў садку.

Праз сем месяцаў хаджэння да чыноўнікаў тыя здаліся і зацвердзілі пастанову пра стварэнне ў Сухараве беларускамоўнай групы. І своечасова: бацькі ўжо збіраліся падаваць у суд на ўпраўленне адукацыі Фрунзенскага раёна.

У канцы жніўня 3-гадовы Алесь пайшоў у беларускамоўную групу “Вожыкі” дзіцячага садка №570.

Задаволены бацька распавёў Еўрарадыё: "Група дзейнічае пару тыдняў, там 21 дзіця. Дагэтуль з'яўляюцца новыя ахвотнікі. Варта сказаць, што ў нас цудоўныя беларускамоўныя выхавальніцы. Зразумела, што бюджэт дашкольнага навучання невялікі, а таму рамонт робяць бацькі, упрыгожваюць памяшканні таксама. Цацкі, літаратура, канцтавары, кубкі, бытавая хімія — усё за наш кошт. Але ж плаціць за садок няшмат — каля 40 тысяч рублёў на месяц. Гэта далёка не перакрывае выдаткі дзяржавы, таму інвеставаць грошы і час у нармальныя ўмовы для дзіцёнка не шкада".

Еўрарадыё: — Ці не змянілася грамадскае стаўленне да беларускамоўнай адукацыі?

Ігар Крэбс: "Змянілася адчувальна. Бацькі нашых “вожыкаў” інтэлігентныя людзі. Яны ганарацца, што ўдзельнічаюць у такой справе, лічаць сваіх дзетак будучай элітай, мяркуюць, што дзяржава павінна наш нованароджаны калектыў шанаваць і зберагаць. У загадчыцы ды выхавальніц з іншых групак стаўленне змянілася на здзіўлена-пазітыўнае. А "адукацыйнае" чынавенства цалкам змяніла сваю былую думку наконт беларускамоўнай адукацыі. Калі раней да нас ставіліся, як да назолаў, дык цяпер ва ўсім ідуць насустрач: патрэбная новая мэбля, яшчэ нешта — калі ласка. Звычайныя грамадзяне ставяцца да гэтага як да звычайнай з’явы — і гэта нам падабаецца больш за ўсё".

Еўрарадыё: — Што Вы можаце параіць тым, хто вырашыць пайсці вашым шляхам?

Ігар Крэбс: "Не быць змагарамі! Не трэба думаць, што робіш нешта незвычайнае ды геройскае: проста трэба дамагчыся сваіх цалкам натуральных правоў і пры гэтым не шукаць паўсюль ворагаў ды перашкодаў. Наша дзяржава толькі цяпер пачынае разумець перавагі нацыянальнай беларускай адукацыі. Я веру, што мы робім добрую справу, якая, спадзяюся, хутка выйдзе з ліку рэдкіх і стане, так бы мовіць, агульнай практыкай".

Як арганізаваць сабе беларускі садок. Парады ад Дар’і  і Ігара:

    — ідзіце да людзей праз абвесткі ў газетах, візітоўкі, налепкі, знаёмых, грамадскія арганізацыі, дзяржаўную ды незалежную прэсу. Ідзіце з пазітывам, ніколі не скардзячыся, што "нас заціскаюць”.

    — шукайце сярод чыноўніцтва памагатых, а не ворагаў. Рабіце ім кампліменты, бо яны часта гэтага заслугоўваюць. Паказвайце ім нашы артыкулы ў дзяржаўнай прэсе.

    — не спыняйцеся. Будзе цяжка, бо на гэта трэба ахвяраваць шмат сілаў, часу і нават грошай. Але гэта патрэбна вашым дзеткам, вам і нашай краіне.



На здымках
з ЖЖ Дар'і: Дар'я, Ігар і Алесік