Каб гуляць у латарэю, беларус вырашыў стаць гастарбайтэрам у Маскве

Жыхар вёскі Хатынічы ўжо прайграў машыну ў “Суперлато”, але спыняцца не хоча Хлопец з вёскі Хатынічы стаў вядомы на ўсю краіну амаль імгненна. Ён прадаў сваю машыну і на 3,6 мільёна рублёў купіў 705 латарэйных білетаў. Аднак выйграў толькі 2,5 мільёна рублёў.

Сам 21-гадовы Анатоль Ваўчок катэгарычна адмовіўся ад інтэрв’ю. Затое цікавасцю журналіста Еўрарадыё да яго ўчынку скарысталася маці хлопца Зоя Міхайлаўна і суседка.

Паводле слоў Зоі Ваўчок, на сына яна не сварылася, калі даведалася, што ён накупляў латарэй. Але, кажа, папярэджвала, каб на выйгрыш асабліва не спадзяваўся.

Зоя Ваўчок: “Ды не, не сварыліся. Гэта яго грошы, ён сам зарабляў — дык што я буду сварыцца на яго? Толькі казала, што гэта рызыка. І што прайграе і грошы, і машыну”.

Дарэчы, сама Зоя Міхайлаўна таксама час ад часу набывае квіток-другі, але пакуль нічога не выйгравала.

Зоя Ваўчок: “І я, як пачаліся гэтыя латарэі, купляю. Не часта, па адной, па дзве. Але толку няма — нічога не выйграю”.

Згодна са словамі маці, ёй самой стала цікава, дзе сын купіў столькі латарэй. У іх вёску столькі не прывозяць. Высветлілася — спецыяльна ездзіў у Мінск.

Зоя Ваўчок: “Купляў у банках, у “зберкасах”. Кажа, пытаюцца: “Колькі табе латарэй — “троечку”, дзве?” Кажа, як ні скажу, каб давалі ўсе, што ёсць, то смяяліся адразу. Яму ж 21 год, выглядае, як пацан. Вось і пыталіся, ці ёсць у яго столькі грошай, каб на ўсе латарэі. Вядома, кажа, ёсць. То прасілі паказаць. Дасць грошы, а там паглядзяць, ці сапраўдныя, не фальшывыя”.

Калі Анатоль прыехаў дахаты з цэлым пачкам латарэй, кажа Зоя Міхайлаўна, шмат хто з аднавяскоўцаў паглядаў на яго з зайздрасцю. Нават сусед быў сабраўся па латарэю ў Мінск.

Зоя Ваўчок: “Сусед адразу сабраўся, як сын вярнуўся. Кажа, паеду хоць на мільён куплю латарэй. А потым нешта перадумаў і купіў толькі тры “троечкі”. І нічога на тыя “троечкі” не выйграў. Таму цяпер кажа: “Добра, што не накупляў на мільён!”

А вось Анатоль не толькі не шкадуе ні пра грошы, ні пра машыну, але плануе і надалей выпрабоўваць шчасце, кажа маці.
 
Зоя Ваўчок: “Гаварыў, што як зараблю, будуць грошы, то накупляю яшчэ латарэй”.

І, каб зарабіць дастаткова грошай на чарговы пачак “Суперлато”, збіраецца, як пацяплее, ехаць на заробкі ў Маскву.

Блізка да сэрца прыняла ўчынак Анатоля і сяброўка іх сям’і, суседка Валянціна. Шкадавала дарэмна, на яе погляд, патрачаныя грошы.

Суседка Валянціна: “Кажу: “Толік! Прайграеш грошы свае! Прадаў машыну, купіў латарэі!”. А ён кажа: “А раптам выйграю?! А раптам кватэра, а раптам машына?!”

Багатага выйгрышу не атрымалася. І зараз аднавяскоўцы дзівяцца таму, колькі ён грошай патраціў на гульню.

“21 год — гэта ўзрост прыгод, рызыкі, — пракаментавала нам псіхолаг Вікторыя Пякарская. — Ён яшчэ толькі выйшаў з падлеткавага ўзросту і ў нейкім сэнсе псіхалагічна застаецца яшчэ там. Нашае грамадства не дазваляе простаму чалавеку ўзяць і адразу зарабіць шмат грошай. А вельмі хочацца сёння, а не заўтра. Вось моладзь і рызыкуе. Гэта спроба патрапіць у шчаслівае жыццё, злавіць лёс за хвост”.

Дарэчы, як раней паведамляла Еўрарадыё, беларусы штогод купляюць больш за 26 мільёнаў латарэйных білетаў. Кожны каштуе 4 тысячы рублёў. Атрымліваецца, што за год жыхары нашай краіны толькі на адну латарэю “Суперлато” трацяць 104 мільярды рублёў. А гэта каля 36 мільёнаў долараў