Кацярына Карстэн выйграла Кубак свету па акадэмічным веславанні

Двухразовая алімпійская чэмпіёнка Кацярына Карстэн 11 ліпеня выйграла свой трэці ў гэтым сезоне этап Кубка свету - знакамітую Люцэрнскую рэгату. Заадно яна стала і ўладальніцай Кубка свету-2010 па акадэмічным веславанні, паведамляе БЕЛТА. У фінальным заездзе Люцэрнской рэгаты Карстэн пераадолела 2000 м за 7 хвіл. 31,27 сек. Яна больш як на 2 сек. апярэдзіла срэбранага прызёра Мірку Кнапкаву з Чэхіі. Бронза дасталася Фрыдзе Свенсан са Швецыі, якая саступіла беларусцы амаль 6 сек.

У гэтым сезоне 38-гадовай Кацярыне Карстэн не было роўных таксама на этапах Кубка свету ў славенскім Бледзе і нямецкім Мюнхене. У швейцарскім Люцэрне прайшоў заключны этап у сезоне. Па выніках трох этапаў беларуска заваявала чарговы свой трафей - Кубак свету-2010.