Каложу вось-вось зачыняць на рэстаўрацыю, хаця яна зноў можа ўпасці ў Нёман

Міністэрства культуры ўхваліла архітэктурны праект рэстаўрацыі Каложскай царквы XII ст. ў Гродне. Аднак схіл, на якім стаіць храм, можа абрынуцца ў Нёман. То бок, можа здарыцца тое ж, што і вясной 1853 г., калі Нёман выйшаў з берагоў і падтапіў пагорак. Тады была страчана адна сцяна. Некалькі гадоў ўмацаваннем схілу займаліся паводле праекту інстытуту "Гроднаграмадзянпраект". Паводле гродзенскага гісторыка архітэктуры Ігара Трусава, тых працаў, што выканалі, недастаткова. Пагорак падмываюць грунтовыя воды. Што датычыць самога праекту рэстаўрацыі, дык царкву вырашылі аднавіць на стан XIX ст.

Раней паступалі прапановы зрабіць храм ХІІ ст. Аднак рамантыкаў удалося пераканаць у тым, што зрабіць гэта немагчыма, бо як выглядаў тады будынак, сказаць не можа ніхто. Цікава, што ў адноўленай сцяне таксама будуць галаснікі, дзякуючы якім у храме добрая акустыка. Іх павінны зрабіць з гліны на ААТ "Краснасельскбудматэрыялы" (прадпрыемства вядомае тым, што выпускае тратуарную плітку). Там жа замовяць і цэглу, падобную да старажытнай. А падлогу ў Каложы вырашылі падагрэць. Пад ёй замацуюць электрычныя трубкі, якія будуць падтрымліваць тэмпературу плюс 12 градусаў.

Аліна Кашкевіч, Гродна