Каля 20 адзінак тэхнікі тушылі ўмоўны пажар на "Мінск-Арэне"

Умоўны пажар на культурна-спартыўным комплексе "Мінск-Арэна" ліквідавалі ратавальнікі раніцай у пятніцу. На месца прыбылі каля 20 адзінак пажарнай тэхнікі і некалькі машынаў хуткай дапамогі.
Паводле легенды пажарна-тактычных вучэнняў, у падтрыбуннай прасторы адбылося кароткае замыканне. Узнік пажар, агонь перакінуўся на трыбуны. Найперш ратавальнікі займаліся эвакуацыяй людзей і аказаннем дапамогі пацярпелым у спецыяльна разгорнутым мабільным шпіталі.

Для барацьбы з агнём ваду давялося браць з вадасховішча "Дразды", якое знаходзіцца ў кіламетры ад "Мінск-Арэны", бо паводле легенды водазабеспячэнне ў самім комплексе дало збой. 

Як паведамляе агенцтва "Минск-новости", ратавальнікі пастаўленую задачу выканалі, што адзначыў пасля вучэнняў намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Шамко.