Камісар па знешняй палітыцы ЕС: Для Пуціна варта змяніць пугу на пернік
Еўрапейская прэса абмяркоўвае эскалацыю ваенных дзеянняў на ўсходзе Украіны.
Газета The Times піша пра тое, што ваенны канфлікт ва Украіне цяпер знаходзіцца ў вострай стадыі. Акурат учора адбывалася моцная барацьба за данецкі аэрапорт, з усёй краіны прыходзілі звесткі пра акты сабатажу, расійскія войскі і цяпер працягваюць сцякацца да ўкраінскай мяжы. На фоне ўсіх гэтых падзеяў сёння адбываецца сустрэча савета міністраў замежных спраў краінаў ЕС. Адным з важнейшых пытанняў якой будзе прапанова камісара ЕС па знешняй палітыцы Федэрыкі Магерыні.
Камісар прапануе Еўрасаюзу змяніць у дачыненні да Пуціна пугу на салодкі пернік. То бок, пакінуць у сіле санкцыі, уведзеныя ў сакавіку мінулага года пасля расійскай анексіі Крыма, але адмяніць у адказ на саступкі Расіі іншыя санкцыі, уведзеныя пазней, пасля пачатку падзеяў на ўсходзе Украіны. Галоўны аргумент, які яна прыводзіць у падтрымку свайго курсу, — канфлікт ва Украіне не мусіць атручваць комплекс знешняй палітыкі ЕС у цэлым. Камісар мяркуе, што Расіі варта дазволіць пазбавіцца ад статуса краіны-выгнанніка, праз тое, што яна мусіць граць важную ролю ва ўрэгуляванні цэлага шэрагу глабальных крызісаў, ад Сірыі да Лівіі, ад Паўночнай Карэі да эпідэміі эболы.
Але рэдакцыя The Times перакананая, што час, абраны для прадстаўлення прапановаў Магерыні, вельмі няўдалы. Яе аналіз шляхоў уздзеяння на крамлёўскую палітыку непераканаўчы. Пуцін больш не з’яўляецца стратэгічным партнёрам Захаду. Яго палітыка накіраваная на раскол заходняй пазіцыі, на ўвядзенне ў зман заходняй грамадскасці і ўмацаванне ўласных стратэгічных пераваг.
Літоўскае выданне DELFI яшчэ перад выхаднымі апублікавала інтэрв’ю з былым саветнікам Пуціна Андрэем Іларыёнавым. Эксперт разважае пра тое, які сцэнарый мае Крэмль у дачыненні да Украіны і Захаду.
Былы саветнік мяркуе, што ў жніўні 2014 года Пуцін паставіў перад сваімі людзьмі тры задачы: не дапусціць паражэння ЛНР і ДНР, не дапусціць пачатку дзеяння пагаднення аб асацыяцыі Украіны з ЕС, дамагчыся звяржэння Парашэнкі.
Іларыёнаў лічыць што першыя дзве задачы ўжо выконваюцца, а для выканання трэцяй Крэмль стварае пэўныя ўмовы. Адна з якой — фінансавы дэфолт Украіны. Зразумела, што дэфолт сам па сабе не гарантуе звяржэння Парашэнкі, але стварае спрыяльную для гэтага атмасферу.
Калі ў Пуціна атрымаецца выканаць тры пастаўленыя задачы, “тады ён атрымае магчымасць для піяру па ўсім свеце таго, што Украіна — гэта дзяржава, якая не атрымалася. Яна не выконвае сваіх абавязкаў, у тым ліку, у дачыненні да заходніх крэдытораў і не мае легітымных органаў улады. Усё гэта створыць выключна спрыяльныя ўмовы для ваенных дзеянняў і пашырэння сферы кантролю”.
Іларыёнаў мяркуе, што для таго, каб нейтралізаваць магчымую дапамогу з боку Захаду, “Пуцін распачаў кампанію пад працоўнай назвай “Ісламская вясна”. Але гэта будуць не арабскія краіны, а будуць ісламскія рухі ў Еўропе, якія паглынуць сілы, час, рэсурсы, энергію кіраўніцтва дзяржаў ЕС і не дадуць ім магчымасці аказваць якую-кольвек істотную дапамогу і падтрымку ахвярам агрэсіі на постсавецкай прасторы”.
Усе гэтыя крокі накіраваныя на тое, каб цалкам разбурыць NATO. “Калі Расія здзейсніць нападзенне на Латвію ці Эстонію, практыка паказвае, што адказу з боку Захаду не будзе. А калі адказу не будзе, то гэта будзе азначаць канец Пятага артыкула статута NATO. А канец Пятага артыкула статута NATO азначае канец усяго NATO. Гэта азначае публічнае прыніжэнне і публічная дэманстрацыя таго, што NATO не ў стане стварыць бяспеку не толькі для Украіны і Грузіі, якія не з'яўляюцца ўдзельнікамі альянсу, але і Эстоніі, і Латвіі, якія імі з’яўляюцца. І гэта будзе дэ факта азначаць канец абароннага блока”, — мяркуе былы саветнік Пуціна.
Нямецкая Deutsche Welle піша, пра тое, якія заявы зрабілі лідары міжнародных арганізацый у сувязі з пагаршэннем ваеннай сітуацыі на ўсходзе Украіны.
Старшыня АБСЕ і міністр замежных спраў Сербіі Івіца Дачыч рашуча асуджае новы этап эскалацыі баявых дзеянняў на Данбасе:
“Усе бакі павінны ўстрымацца ад ваяўнічасці, запалохвання і правакацыйных дзеянняў”.
Ён заклікае ўсіх удзельнікаў канфлікту “неадкладна прыкласці намаганні, накіраваныя на дээскалацыю напружанасці, спыненне агню і актыўнае ўзаемадзеянне з АБСЕ для выканання Мінскіх пагадненняў у поўным аб’ёме”.
Акрамя гэтага, кіраўнік МЗС Сербіі звярнуў увагу ўдзельнікаў супрацьстаяння на неабходнасць забяспечыць бяспеку назіральнікам маніторынгавай місіі АБСЕ, якія працуюць у зоне канфлікту.
Газета адзначае, што і генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун выказаў занепакоенасць у сувязі з узнаўленнем баёў на ўсходзе Украіны.
“Абвастрэнне сітуацыі ў раёне данецкага аэрапорта не толькі прывяло да шматлікіх ахвяраў, але і пагражае цалкам сарваць дасягнутыя ў верасні дамоўленасці аб усталяванні перамір’я”, — гаворыцца ў заяве. Генеральны сакратар ААН паабяцаў распачаць дадатковыя намаганні для аднаўлення мірнага працэсу.