Кандыдат у дэпутаты піша скаргу ў ЦВК з-за таго, што яго "пасунулі" ў эфіры

Скаргу ў Цэнтравыбаркам рыхтуе каардынатар руху "За Свабоду" ў Гродзенскай вобласці Алесь Зарэмбюк. 1 красавіка па абласным радыё транслявалі яго выступ, але не ў той час, які быў запланаваны. Вось што распавёў Зарэмбюк у інтэрв'ю Еўрарадыё: "Я хачу дамагчыся альбо таго, каб мой радыёзварот да выбарцаў паставілі ў эфір яшчэ раз (хаця не веру ў гэта абсалютна), альбо атрымаць тлумачэнні, чаму так адбываецца. Чаму замест прызначанага і справядліва абранага мной часу — 18.20, мой выступ пусцілі ў 18.04".

На абласным радыё Алесю Зарэмбюку патлумачылі, што яго "пасунулі" з-за таго, што хтосьці з кандыдатаў адмовіўся ад эфіру, а нехта запісаў свае выступы карацейшыя. Зарэмбюк лічыць, што першапачатковы час выступу быў больш зручны: больш людзей паспявалі б вярнуцца з працы дахаты і пачуць яго.

Нагадаем, што апазіцыянер балатуецца ў Мастоўскі раённы і Гродзенскі абласны саветы.