Кастусёў: Згадваючы мяне, Лукашэнка хоча не згубіць падтрымку на Шклоўшчыне
Кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў стаў адзіным прэтэндэнтам, якога згадаў у сваім выступе Аляксандр Лукашэнка.
На Ўсебеларускім сходзе кіраўнік краіны назваў прэтэндэнта ад БНФ "адзіным сумленным" сярод кандыдатаў.
У каментары Еўрарадыё Кастусёў адзначыў, што Лукашэнка згадаў яго двойчы ў сваіх выступах на Ўсебеларускім сходзе.
Кастусёў: "У першы дзень гэтага сходу, калі Лукашэнка выказаўся ў мой бок з пагрозай, неяк журналісты гэта не заўважылі... Калі была размова пра люстрацыю, ён сказаў чыноўнікам: "Не бойцеся, нікога не пасадзяць. Хутчэй за ўсё, яны самі сядуць". Таму, можа быць, ён проста вырашыў потым выправіцца..."
На думку кандыдата ад Партыі БНФ, які паходзіць са Шклоўшчыны, станоўчай згадкай пра яго Лукашэнка спрабаваў не згубіць падтрымку на іх агульнай радзіме.
Кастусёў кажа, што яшчэ не ведае, як на яго іміджы адаб'ецца гэты выступ кіраўніка краіны - станоўча ці адмоўна. У інтэрнэце, кажа кандыдат, ужо ёсць і станоўчыя, і адмоўныя водгукі. Для яго ж самога мярылам стануць сустрэчы з выбарцамі. Бліжэйшая з іх прызначаная на 8 снежня ў Крычаве.