Катэджы на беразе вадасховішча паляпшаюць экалагічнае становішча (фота)
Сёння ж у Кучках чарговую праверку праводзяць следчыя з Рэспубліканскай пракуратуры. Пра гэта Еўрарадыё расказаў старшы памочнік пракурора Вілейскага раёна Анатоль Івашкевіч.
Анатоль Івашкевіч: “Перш, чым будзе прынята канчатковае рашэнне, сваё рашэнне прыме пракуратура вобласці. А потым гэта пытанне будзе разглядацца на паўторнай калегіі рэспублікі”.
У рэпартажы “Каму дазволена будаваць катэджы ў прыродаахоўнай зоне?” Еўрарадыё расказвала пра будаўніцтва катэджаў у вёсцы Кучкі на беразе Вілейскага вадасховішча. А таксама пра тое, што кіраўнік мясцовага міжрэгіянальнага камітэта Дзяржкантролю Дзіна Громава пра гэтае будаўніцтва добра ведала. Вось толькі праверыць, наколькі ўсё, што там адбываецца, адпавядае закону, не хапала часу – усе праверкі праходзяць у адпаведнасці з планам кантрольных праверак. І Вілейшчыны там да апошняга часу не было.
Нагадаем, тэрыторыя вакол усяго Вілейскага вадасховішча лічыцца водаахоўнай зонай. Мінімальная шырыня такой зоны згодна з заканадаўствам не павінна быць менш за 300 метраў. Паўсюль расстаўленыя шыльды з адпаведным надпісам і папярэджаннем, што нават заязджаць сюды забаронена. Але не толькі заязджаюць, а і будуць катэджы, лазні да гаражы.
З кранаў у кватэрах жыхароў Фрунзенскага, Маскоўскага і
часткова Кастрычніцкага раёнаў Мінска цячэ вада, якая ідзе
менавіта з Вілейскага вадасховішча праз Вілейска-Мінскую водную сістэму.
Як стала вядома Еўрарадыё, следчыя пракуратуры папрасілі эколагаў з мясцовай інспекцыяй аховы прыроды і экалогіі выказаць сваё меркаванне наконт таго, ці моцна пацярпела экалогія ў 300-метровай водаахоўнай зоне. Але кіраўнік вілейскіх эколагаў Аляксандр Альшэўскі лічыць, што катэджы на беразе не пагаршаюць, а наадварот паляпшаюць экалагічнае становішча навакол.
Аляксандр Альшэўскі: “Возьмем у параўнанні: калі раней там жылі сяляне, у іх была падсобная гаспадарка. Былі хлявы, там стаялі каровы, свінні. Каналізацыі ніякай не было. Лазні былі. Цяпер усё гэта прыведзена да нормы. Каналізацыйныя стокі збіраюцца ў бетонныя выграбы. Прыбярэжная паласа патрабуе, каб там быў газон. Сёння там зроблены газон, а гаспадарчай дзейнасці фактычна не вядзецца”.
На думку эколага, калі ў Кучках і былі якія парушэнні, то звязаныя з парушэннем законаў, а не экалогіі. А нешматлікія знойдзеныя эколагамі парушэнні гаспадары паспелі выправіць.
Аляксандр Альшэўскі: “Прычалы былі зробленыя ў прыбярэжнай паласе, а гэта забараняецца пастановай Саўміна №377. На сённяшні дзень яны знесеныя. Згодна з той жа пастановай, кожны грамадзянін можа вольна прайсці па беразе. Не павінна быць агароджаў да самай вады. Гэта таксама будзе выканана. Практычна гэта ўжо прыведзена да нормы”.
Супакоіў карэспандэнта Еўрарадыё і супрацоўнік “Вілейска-Мінскай воднай сістэмы”, які не захацеў называцца. Па яго словах, мінчукі могуць спакойна піць ваду, якая трапляе да іх з Вілейскага вадасховішча.
Супрацоўнік “ВМВС”: “Поўная ачыстка ідзе. І ачыстка ад памутнення, кагуліраванне. Хлараванне, азанаванне. А зараз яшчэ будзе новы метад – угляванне”.
Як стала вядома Еўрарадыё, следчыя раённай пракуратуры знайшлі значна больш парушэнняў у Кучках, чым мясцовыя эколагі. Але старшы памочнік пракурора Анатоль Івашкевіч адмовіўся называць іх, альбо імёны тых гаспадароў, якія парушылі закон, спасылаючыся на тое, што праверкі яшчэ працягваюцца.
Факт аднаго з парушэнняў прыводзіць “Рэгіянальная газета” з Маладзечна: “Дыктар аднаго з цэнтральных каналаў тэлебачання і кіраўнік аднаго з мінскіх прадпрыемстваў у Кучках купілі па палове аднаго дома на прыбярэжным участку. Аформілі дзяржаўныя акты на зямлю, атрымалі згоду сельсавета на рэканструкцыю – кожны сваёй паловы. У выніку адбылася не рэканструкцыя, а незаконнае будаўніцтва. Дыктар правяла перабудову ўсяго дома, а кіраўнік прадпрыемства пачаў будаўніцтва новага дома”.
У адказ на гэта старшы памочнік вілейскага пракурора адзначыў, што яны нікога, у тым ліку дыктара БТ, не абвінавачвалі ў парушэннях. Гэта зробіць (альбо не) рэспубліканская калегія. Сама ж дыктар катэгарычна адмовілася ад любых каментароў і запатрабавала не называць яе імя. Сказала толькі, што ніякіх законаў яна не парушала.
Вілейскае вадасховішча. За гэтым папераджальным знакам знаходзіцца вёска Кучкі.
Вілейскае вадасховішча. Будоўля катэджаў вядзецца ў прыродаахоўнай зоне бадай што ў 30-50 метрах ад вады.
Вілейскае вадасховішча. Адзін з дамоў, дзе замест рэканструкцыі зрабілі "рамонт".
Вілейскае вадасховішча. Вось такі палац пасля "рэканструкцыі" паўстане на месцы напаўразваленай хаткі.
Вілейскае вадасховішча. Па меркаванні галоўнага архітэктара Вілейскага раёна Галіны Кажарновіч, гэта не катэджы, пабудаваныя ў водаахоўнай зоне, а проста дамы.
Вілейскае вадасховішча. Па словах чыноўнікаў, на гэтым месцы, выдзеленым пад новабудоўлі, нічога няма.
Вілейскае вадасховішча. Да гэтага дома ад берага водасховішча каля 150 метраў, і ён знаходзіцца ў 300-метровай зоне, дзе будаўніцтва забаронена.
Вілейскае вадасховішча. З вокнаў гэтага дома відаць, як сонца сядае ў ваду Вілейскага вадасховішча.