Казуліну будзе адмоўлена паехаць на пахаванне жонкі — начальнік калоніі

Начальнік калоніі "Віцьба-3" сёння раніцай заявіў, што рыхтуе адмову на выезд Аляксандра Казуліна на пахаванне яго жонкі Ірыны, якая сканала 23 лютага.
Пра гэта Віталь Агнісцікаў паведаміў падчас сустрэчы з праваабаронцам Паўлам Левіным, распавёў Еўрарадыё былы адвакат палітвязня Ігар Рынкевіч.

“Ён пацвердзіў, што збіраецца асабіста прыняць рашэнне адмовіць Аляксандру Казуліну ў кароткатэрміновым адпачынку з-за таго, што ў яго ёсць дысцыплінарныя пакаранні. Гэта паказвае, што яны парушаюць заканадаўства, бо няма такіх крытэрыяў, што калі чалавек паляжаў на ложку пасля галадоўкі, ён не павінен потым паехаць і пахаваць сваю жонку”.


Па словах начальніка папраўчай установы, адмова матывуецца тым, што за час знаходжання ў калоніі Казулін меў 4 дысцыплінарныя спагнанні і з улікам асобы зняволенага не падаецца магчымым адпусціць яго на пахаванні жонкі.