Хутка і ў крамах. Цэны на пшаніцу ўзляцелі пасля выхаду РФ са збожжавай здзелкі
Хлеб / pixabay
Рэзка выраслі цэны на пшаніцу і кукурузу на сусветных рынках, піша ВВС. Скачок адбыўся пасля таго, як Расія заявіла, што будзе разглядаць караблі, якія накіроўваюцца ва ўкраінскія парты, як патэнцыйныя вайсковыя мэты.
Цэны ў крамах вырастуць не адразу. Аднак калі перабоі з пастаўкамі выклічуць працяглы рост цэнаў на сусветных рынках, то ў найбліжэйшыя месяцы наступствы адчуюць пакупнікі ў крамах ва ўсім свеце, кажуць аглядальнікі.
Летась рэзкі рост цэнаў на збожжавыя прывёў да росту цэнаў не толькі на прадукты харчавання на аснове збожжа, але таксама на мяса і птушку, бо жывёл часта кормяць менавіта збожжам.
Масква выйшла са збожжавай здзелкі, якая забяспечвала бяспечны правоз збожжа па Чорным моры, у гэты панядзелак. У апошнія тры ночы Расія абстрэльвала ўкраінскія збожжавыя аб'екты ў Адэсе і іншых гарадах.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвінаваціў Расію ў наўмысных ударах па інфраструктуры, задзейнічанай у экспарце збожжа. І нагадаў расійскаму прэзідэнту, што той падвяргае рызыцы голаду ўразлівыя краіны.
Для аднаўлення збожжавай здзелкі Уладзімір Пуцін патрабуе выканаць яго ўмовы. Ён хоча, каб былі скасаваныя санкцыі на продаж расійскага збожжа і ўгнаенняў. Яшчэ адна ўмова — падлучэнне расійскага сельскагаспадарчага банка да глабальнай аплатнай сістэмы.
Гэта важна не толькі для Украіны
Народны дэпутат Украіны Аляксей Ганчарэнка заклікаў Вялікабрытанію, ЗША, Францыю і Турцыю абараніць збожжавозы з вайсковымі канвоямі і забяспечыць Адэсу сістэмамі СПА.
"Відавочна, што ў Пуціна ёсць мэта падарваць харчовую бяспеку і выклікаць пік сусветных цэнаў на прадукты харчавання, што ў развітых краінах прывядзе да інфляцыі, а ў тых, якія развіваюцца, — да сацыяльнай дэстабілізацыі, голаду і новых хваляў мігрантаў", — сказаў Ганчарэнка.