Кіраўнік прадстаўніцтва Еўракамісіі адкрые дзіцячую пляцоўку ў Ветцы

Гомельскую вобласць сёння наведвае кіраўнік прадстаўніцтва Еўракамісіі ва Ўкраіне і Беларусі Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйра. Ён правядзе сустрэчу са старшынём аблвыканкама Аляксандрам Якабсонам, наведае ліцэй пры Гомельскім абласным інстытуце МНС, а пасля паедзе ў Ветку, дзе прыме ўдзел у цырымоніі адкрыцця дзіцячай пляцоўкі.

Аднавілі яе ў межах праекта, фінансаванага Еўрасаюзам і праграмай развіцця ААН “Тэрытарыяльна-арыентаванае развіццё рэгіёнаў, пацярпелых у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС”. Вось што распавёў Еўрарадыё Ўладзіслаў Хількевіч, каардынатар інфармацыйнай дзейнасці ПРААН у Беларусі:

"Гэта каруселі, арэлі, лабірынт, лазілкі, лавачкі, футбольнае поле, баскетбольныя кольцы. Ну, такая звычайная дзіцячая пляцоўка".


Дарэчы, рамонт такой пляцоўкі каштаваў каля 18 тысяч долараў.