Крывая логіка: рэжым заклікае вяртацца — і кожны дзень затрымлівае “змагароў”

Крывая логіка: рэжым заклікае вяртацца — і кожны дзень затрымлівае “змагароў”

“Калі вы не змаглі знайсці сябе ў эміграцыі — пішыце, тут вам дапамогуць вярнуцца”. З падобнымі прапановамі прапагандысцкія каналы звяртаюцца да беларускіх палітуцекачоў. Абяцаюць разабрацца ў сітуацыі: маўляў, можа, там справаў усяго “на адміністрацыйку”. Пасядзіш трохі ды выйдзеш, а можа, увогуле абыдзецца пакаяльным відэа.

Наколькі эфектыўныя такія абяцанкі ад праўладных рэсурсаў?

— Гэтыя мантры, па вялікім рахунку, нічога не даюць, — упэўнены заснавальнік і кіраўнік дабрачыннай арганізацыі BY_help Аляксей Лявончык. — Я заўсёды ўжываў прыклад беларускай дзяржаўнай ідэалогіі. Яна была ўведзена 15-20 год таму. З’явіліся пасады ідэолагаў, якія павінны былі патлумачыць беларускаму народу, стварыць карцінку. Гэтая карцінка мусіла тлумачыць, чаму дзяржава Лукашэнкі на сто крокаў наперадзе любой канцэпцыі, якую прапануюць “БЧБ-шнікі”, Пазняк, БНФ і “гэтыя праклятыя, якія хочуць выразаць расійскамоўных”. І за ўвесь час гэтыя ідэолагі — якія былі на кожным прадпрыемстве, у кожнай школе — не стварылі ніякага якаснага прадукту, які б паказаў сябе лепш у параўнанні з тым, што прапаноўвалі альтэрнатыўныя сілы. У прынцыпе, тое самае адбываецца і зараз.

Ці можа здарыцца так, што беларусы за мяжой пранікнуцца “элегантнай перамогай” і вернуцца дадому?

— Яны [прапаганда. — Еўрарадыё] паставілі на абліванне памыямі апанентаў, брэндзіруюць слова “перечёркиваем”, — кажа Аляксей Лявончык. — Маўляў, “Змагарок? ГУБОП пришёл, перечёркиваем. Сейчас он будет два года думать об этом”. Але гэта не дае ім ні росту падпісак, не дае нічога. На канале Азаронка стаіць сем тысяч [падпісчыкаў. — Еўрарадыё] і стаіць. На [прапагандысцкім канале] яны “ботамі” наганяюць пяцьдзясят тысяч кожны раз. Каго вы будзеце пераконваць, што Лукашэнка перамог, калі вы нават не можаце набраць дастатковай колькасці жывых падпісчыкаў на сваю прапаганду?

Ужо прыелася “Мы перамаглі, мы перамаглі!”. Вы [дзейныя беларускія ўлады. — Еўрарадыё] ўжо год пераконваеце, што вы перамаглі. У эканоміцы — задніца, санкцыі ўсё большыя. Літва мусіць скончыць з транзітам калію праз сваю тэрыторыю, і калій паедзе праз Мурманск — па цане, у дзесяць разоў большай, чым трэба. Таму зараз трэба ставіць на карту нацыянальнае адзінства. Ціпа “вы прыязджайце, выбачайцеся, і мы, можа быць, мы вам даруем”. Толькі гэта ніколі так не працуе. Апошнім часам пачасціліся выпадкі арышту людзей, якія вярталіся з-за мяжы, — падсумоўвае Аляксей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.