Лідэра прадпрымальнікаў выклікаюць у суд з-за бутэлькі воцату

У дробным крадзяжы падазраецца лідэр рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Перспектыва" прадпрымальнік Анатоль Шумчанка. Ён атрымаў з суда Маскоўскага раёна Мінску позву, якая прадпісвае яму з'явіцца 17 снежня ў суд на разгляд справы пра дробны крадзёж. Шумчанка патэлефанаваў у суд і даведаўся, што нібыта 17 лістапада ён вынес з універсама "Брэст" у рукаве бутэльку воцату коштам 1620 рублёў, але быў злоўлены.

"Гэта нават не непаразуменне, гэтага проста не можа быць. Я маю намер сёння пайсці ў суд і высветліць, якім чынам мой подпіс (калі ён сапраўды мой) трапіў у дакументы", - сказаў Шумчанка ў інтэрв'ю БелаПАН.

Пакаранне на падставе артыкула "Дробны крадзеж" прадугледжвае штраф ад 10 да 30 базавых велічыняў або адміністрацыйны арышт.

Адзначым, што на 15 снежня ў Мінску запланаваная дазволеная ўладамі акцыя "Марш прадпрымальнікаў", якую арганізуе "Перспектыва".