Лукашэнка: Ужо сёння ў Беларусі заўважнае расслаенне грамадства (відэа)
Кіраўнік дзяржавы хоча ўзмацніць барацьбу з карупцыяй. Пра гэта ён заявіў падчас сустрэчы з дзяржсакратаром Савета бяспекі Леанідам Мальцавым.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра неабходнасць штоквартальных нарад з сілавымі структурамі — КДБ, МУС, Мінабароны і іншымі. У цэнтры ўвагі наступнай нарады павінна быць барацьба з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі, перадае БЕЛТА. На думку кіраўніка Беларусі, у справе барацьбы з карупцыяй праваахоўнікі вядуць недастаткова актыўную працу.
Лукашэнка заявіў, што супраць карупцыі змагаецца толькі КДБ, "а астатнія на лаўрах спачываюць і лічаць, што гэта не іх праблема". Ён папракнуў пракуратуру і МУС, якія, нібыта, не займаюцца барацьбой з карупцыяй.
Таксама кіраўнік Беларусі заклікаў асноўныя сілы праваахоўных органаў перакінуць на барацьбу з эканамічнымі злачынствамі: "Мы не можам дапусціць, каб праз эканамічныя правапарушэнні ў нас адбылося расслаенне грамадства. Яно ўжо сёння ёсць: ён мае паўтары нейкія крамкі, а сям'я ездзіць на трох іншамарках, набытых па мільёне долараў. Адкуль, калі прыбыткі вельмі маленькія ў гэтых паўтары крамаў? Значыць, дзесьці хаваюць, займаюцца левымі схемамі, хаваюць ад падаткаабкладання прыбыткі і гэтак далей".