Лукашэнка распавёў тэлеканалу "Еўраньюс" пра газавы канфлікт (Абнаўляецца)

Па яго словах, для "газавай вайны" не было абсалютна ніякіх падставаў.

16:49 Партыя "За Ўкраіну!" прапаноўвае Беларусі транзітны саюз супраць "Газпрама"

Кіраўнік партыі "За Ўкраіну!" Вячаслаў Кірыленка прапанаваў Украіне і Беларусі распрацаваць адзіную транзітную палітыку па транспартаванні расійскага газу ў Еўропу. Пра гэта паведамляюць "Украинские новости".

На думку Кірыленкі, Украіна і Беларусь як транзітныя дзяржавы павінны выпрацаваць сумесную палітыку. Яна дасць магчымасць пазбегнуць пастаяннага шантажу з боку "Газпрама" як Украіне, так і Беларусі.
 
Кірыленка лічыць, што газавы канфлікт паміж Расіяй і Беларуссю ў чарговы раз даказвае, што расіяне лічаць славянскія народы "братэрскімі" толькі тады, калі гэта не супярэчыць інтэрасам іх газавых алігархаў.


16:17 У Мінэнерга прыйшлі 228 мільёнаў долараў ад "Газпрама" за транзіт газу

Міністэрства энергетыкі Беларусі пацвердзіла аплату "Газпрамам" 228 мільёнаў долараў за транзіт газу. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведаміла прэс-сакратарка Мінэнерга Людміла Зяньковіч.

15:18 Лукашэнка: Для газавага канфлікту абсалютна не было прычынаў

Такое меркаванне выказаў ў інтэрв'ю тэлеканалу "Еўраньюс" 24 чэрвеня кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Па словах Лукашэнкі, якія перадае БЕЛТА, гэта абсалютна беспадстаўная спрэчка. Ён адзначыў, што Беларусь завінавацілася "Газпраму" каля 190 мільёнаў долараў. У той жа час сам расійскі холдынг запазычыўся Беларусі за транзіт 260 мільёнаў долараў.

У інтэрв'ю тэлеканалу "Еўраньюс" кіраўнік дзяржавы акрамя газавай тэмы распавёў пра сваё бачанне перспектываў узаемаадносін Беларусі з Расіяй і Еўрасаюзам. Таксама Лукашэнка закрануў тэму будучых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Запіс інтэрв'ю тэлегледачы змогуць убачыць 25 чэрвеня ў вечаровым эфіры тэлеканала "Еўраньюс". Поўную версію інтэрв'ю ў гэты ж дзень абяцае паказаць Першы нацыянальны канал.


14:27 "Газпрам" вусна паведаміў Еўракамісіі пра ўрэгуляванне газавай спрэчкі

Пра гэта заявіла прадстаўніца Еўракамісіі Марлен Холцнер. "Афіцыйнага апавяшчэння мы не атрымлівалі", - перадае РІА "Новости" яе словы.

Як адзначыла прадстаўніца Еўракамісіі, афіцыйнага апавяшчэння пакуль не паступіла ні ад расійскага, ні ад беларускага ўрадаў.

Прадстаўнікі Еўрасаюзу чакаюць, што аб'ёмы паставак газу еўрапейскім спажыўцам могуць быць адноўленыя, і яны не павінны быць закранутыя спрэчкай або рознагалоссямі наконт платы за транзіт.


13:40 Еўрасаюз лічыць абразай недахоп газу?

Андрэй Елісееў

"Міжнародныя абавязкі паставак газу мусяць безумоўна выконвацца. Спыненне паставак, якое назіраецца ў некаторых краінах ЕС, недапушчальнае. Гэта абраза ўсяго Еўрапейскага Саюзу", - заявіў еўракамісар па пытаннях энэргетыкі Гюнтэр Отынгер.

23 чэрвеня еўракамісар сустрэўся з міністрам энэргетыкі Ўкраіны Юрыем Бойкам. "Мы радыя, што гэтымі гадзінамі і днямі Ўкраіна пастаўляе больш газу, чым звычайна, праз газаводы, што ідуць з Расіі ў Польшчу, Балгарыю і Румынію. Мы прадпрымаем гэтыя дзеянні, каб запабегчы большых праблемаў для нашай прамысловасці, эканомікі, насельніцтва краін ЕС", - заявіў еўракамісар.

Украінскі міністр выказаў спадзяванне, што газавы канфлікт Беларусі і Расіі неўзабаве скончыцца, і гатовасць Украіны дапамагчы ЕС з магчымымі праблемамі ў энэргетыцы.


13:19 Газ для насельніцтва пакуль даражэць не будзе

Зміцер Лукашук

Пра гэта Еўрарадыё паведаміў дырэктар Дэпартамента цэнавой палітыкі Міністэрства эканомікі Ігар Фамін.

Па яго словах, існуе верагоднасць падаражэння расійскага газу, аднак кошт яго для беларусаў не ўзрасце.

"Вы ведаеце, кошт на газ для грамадзян, а гэта жыллёва-камунальная паслуга, вызначаецца ўрадам па ўзгадненні з прэзідэнтам. І такое пытанне - павышэння цэн на газ для насельніцтва – пакуль не разглядалася", - заявіў сп.Фамін.

Гэта значыць, пакуль што газ для насельніцтва будзе пастаўляцца па ранейшых коштах.


13:15 Аб'ёмы паставак газу ў Літву праз Беларусь пачалі расці

Ціск у газавай сістэме Літвы, якая атрымлівае газ з Расіі праз Беларусь, павялічваецца. Пра гэта, па звестках РІА "Новости", заявіла 24 чэрвеня прэс-сакратар літоўскай кампаніі-пастаўшчыка газу Lietuvos dujos Сігіта Пятрыконітэ-Юркунене.

Яна не ўдакладніла, наколькі павялічыўся аб'ём газу, які атрымлівае Літва. Спажыўцы ў Літве ў Калінінградскай вобласці Расіі цяпер атрымліваюць газ у поўным аб'ёме.

Па словах прэс-сакратаракі, Літве хапае газу, бо цяпер лета, і цеплафікацыйныя станцыі не забіраюць газ, неабходны для вытворчасці цяпла. Акрамя таго, адзін з самых буйных літоўскіх спажыўцоў - вытворца азотных угнаенняў і хімічных прадуктаў Achema - у цяперашні час працуе на малых магутнасцях.


13:14 Беларускі МЗС шкадуе пра маштаб і вастрыню газавага канфлікту

Андрэй Елісееў

“Мы з жалем успрымаем, што пытанне набыло такі маштаб і вастрыню, ― заявіў на брыфінгу 24 чэрвеня прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных.Трэба праявіць здаровы сэнс і здольнасць канструктыўна дамаўляцца па ўсіх рознагалосных пытаннях”.

Сп.Савіных выказаў спадзяванне, што неўзабаве "газавая спрэчка" знойдзе адэкватнае вырашэнне, якое адпавядае высокаму ўзроўню палітычных сяброўскіх кантактаў.


13:09 "Газпрам" заплаціў за транзіт 228 млн долараў. Беларусь хоча 260 млн

"Газпрам" заплаціў за транзіт газу 228 мільёнаў долараў. Пра гэта паведаміў прадстаўнік расійскага холдынгу Сяргей Купрыянаў. Па звестках РІА "Новости", "Газпрам" аплаціў транзіт у адпаведнасці з кантрактам.

Беларускі бок настойвае на тым, што гэта няпоўная аплата за транзіт расійскага газу па тэрыторыі нашай краіны. Беларусь чакае, што "Газпрам" заплаціць 260 мільёнаў долараў.

Нагадаем, што зранку 24 чэрвеня "Газпрам" поўнасцю аднавіў пастаўкі газу ў нашу краіну.


Фота: "Молодая Гвардия"