Магілёўскі апазіцыянер выкрывае ў пракуратуры хлусню супрацоўніцы будтрэста
Магілёўскі актывіст Аляксей Паўлоўскі падаў заяву ў пракуратуру на начальніка аддзела кадраў будаўнічага трэста №12 Дужаву.
Актывіст вінаваціць яе ў хлуслівых паказаннях, якія яна давала пад подпіс у судзе Ленінскага раёна Магілёва. Супрацоўніца трэста казала, што да 6 студзеня 2011 года яна не ведала Паўлоўскага і менавіта ў гэты дзень ён упершыню звярнуўся ў трэст з просьбай працаўладкаваць яго па спецыяльнасці мулярам. Аднак у працаўладкаванні Аляксею адмовілі.
Актывіст дома знайшоў дакумент, падпісаны Дужавай у 2008 годдзе. Тады яна таксама адмаўляла яму ў працаўладкаванні. Аляксей лічыць, што на працу яго не бяруць з-за яго актыўнай грамадска-палітычнай дзейнасці.
Дарэчы, Паўлоўскі адпрацаваў у будаўнічым трэсце №12 больш за 20 гадоў. Калі яго звольнілі з парушэннем працоўнага заканадаўства, актывіст адсудзіў праз суд сярэдні двухгадовы заробак.