Магілёўскія сацыял-дэмакраты выступілі супраць помніка Мікалаю ІІ

Магілёўскія сацыял-дэмакраты выступілі супраць ўсталявання ў горадзе бюста цару Мікалаю ІІ. Пра гэта Еўрарадыё распавёў магілёўскі актывіст БСДП (Грамада) Ігар Барысаў. Сацыял-дэмакраты лічаць, што гэты “падарунак” ад Масквы з’яўляецца знявагай беларускага народа і мае палітычны падтэкст. Яны нагадваюць, што Мікалай ІІ з’яўляецца сімвалам самадзяржаўя, паняволення народаў, руйнавання нацыянальных культур і эканамічнага дабрабыту паняволеных краінаў. З імем гэтага расійскага цара звязаныя такія падзеі, як Хадынка, Крывавая нядзеля, Ленскі расстрэл рабочых, габрэйскія пагромы.

"Цараванне Мікалая ІІ адзначана праследаваннямі, зняволеннем і ссылкаю ў Сібір выдатных дзеячаў беларускай культуры Якуба Коласа, Цёткі (Алаізы Пашкевіч), Каруся Каганца, Аляксандра Бурбіса, Івана і Антона Луцкевічаў, Алеся Гаруна, Язэпа Лёсіка, дзесяткаў іншых змагароў за лепшую долю народа", — адзначаецца ў заяве.

Прыняць гэты “падарунак” і ўсталяваць помнік Мікалаю, на думку беларускіх сацыял-дэмакратаў, азначае зняважыць нашых продкаў, якія змагаліся супраць расійскага царызму, а ўсталяваць яго ў Магілёве азначала б выказаць таксама знявагу да ўсіх жыхароў Магілёўшчыны, якія загінулі ў войнах, развязаных пры Мікалаю ІІ.

Сябры БСДП (Грамада) прапануюць уладам паставіць помнік ахвярам расійска-японскай і Першай сусветнай войнаў, а атксама паклапаціцца пра ўсталяваннепомнікаў славутым землякам — Мікалаю Судзілоўскаму, Максіму і Гаўрылу Гарэцкім, Аркадзю Куляшову, Аляксею Пысіну, Аркадзю Смолічу і Івану Чыгрынаву.