Маркусу Лёнінгу не дазволілі сустрэцца са зняволенымі ў СІЗА КДБ
Паведамляе Радыё Свабода.
Упаўнаважаны федэральнага ўрада Германіі па правах чалавека і гуманітарнай дапамозе Маркус Лёнінг ад імя федэральнага ўраду перадаў беларускаму МЗС патрабаванне аб вызваленні зняволеных 19-20 снежня.
Пра гэта ён заявіў сёння на прэс-канферэнцыі ў Мінску. Таксама ён адзначыў, што нямецкі бок патрабуе зняцця ўсіх абвінавачанняў са зняволеных і выказвае заклапочанасць у сувязі са здароўем зняволеных. Спадар Лёнінг назваў "абсалютна непрымальным" абмежаванне магчымасці доступу адвакатаў і сваякоў да зняволеных.
"Я выказаў сваё асабістае пажаданне наведаць зняволеных у турмах. І быў адпаведны запыт з боку амбасады Германіі, але на гэты запыт рэакцыі не паступіла з боку беларускага ўрада. Я яшчэ раз у гутарцы паўтарыў гэтую просьбу, і мне яшчэ раз сказалі, што гэтая просьба будзе перададзеная далей. Але нейкага адказу на гэтую просьбу не паступіла", -распавёў Лёнінг.