Марыйка Мартысевіч: Усведамляю, што я зрабіла і гатовая несці адказнасць
9 сакавіка ў кнігарні "Ў" адбыўся непрыемны выпадак. Пабіліся літаратурны крытык Ася Паплаўская і пісьменніца Марыйка Мартысевіч.
Адзін бок канфлікту абвінаваўча выступаў і ў жывым журнале, і ў сацыяльных сетках, і на нашым сайце. А вось што кажа з гэтай нагоды Марыйка Мартысевіч:
"На гэтым тыдні адбылася вельмі прыкрая для мяне падзея, падзея за якую мне сорамна, а менавіта я цягала за валасы дзяўчыну. Я не хачу расказваць пра сутнасць канфлікту паміж намі, пагатоў для старонніх людзей факт застаецца фактам: адбылося пэўнае збіцьцё асобы, хаця хачу адразу адзначыць, што сума і цяжкасць пабояў моцна перабольшаныя пацярпелым бокам, як, зрэшты, гэта заўсёды здараецца ў такіх канфліктах. Хачу сказаць таксама, што для мяне гэта выглядала адназначна як парушэнне маёй прыватнай тэрыторыі. Нашы сябры, калегі хацелі павіншаваць майго сужэнца і мяне з шлюбам, паколькі вяселле было маленькае і цяпер мы прастаўляемся ў розных кампаніях, і вось адна з кампаній сабралася нас павіншаваць. На жаль, я спазнілася на імпрэзу, я прыйшла роўна ў восем, калі ўсё было прызначана і першае што я пабачыла – гэтую дзяўчыну, з якой у мяне вялікі канфлікт, якая стаіць у шэрагу гасцей, запрошаных намі на імпрэзу. Я некалькі разоў папрасіла яе выйсці, прычым яна кажа, што я яе выганяла "са сваёй" кнігарні, як яна цытуе, насамрэч я папрасіла яе выйсці з закрытай вечарынкі, таму што тут – казала я – маё свята. І для мяне гэта сапраўды было вельмі важна, можа быць крыху эгацэнтрычна, але я сапраўды вельмі нервавалася, што я не паспяваю падрыхтаваць пачастунак, а гэта дзяўчына смяялася мне ў твар.
Я хачу папрасіць журналістаў, якія сочаць за скандалам, не надта гуляцца ў жоўтую прэсу, паколькі тое што адбылося, – гэта была сцэна майго прыватнага жыцьця, гэта не было палітычнай заявай, гэта не было літаратурнай вечарынай. Гэта было штосьці, датычнае мяне асабіста і таму менавіта я не хацела і дагэтуль не хачу каментаваць тое, што адбылося, вельмі шырока.
Хачу падзячыць, напрыклад, "Нашай ніве", якая заўсёды перадрукоўвае смажаныя факты, а тут яна устрымалася. Я лічу, што гэта можа быць годная пазіцыя для прэсы - не ўлазіць у дзявочыя разборкі. А што да самой падзеі – я хачу сказаць што мне вельмі сорамна, я ўсведамляю што я зрабіла прыкры ўчынак і гатовая несці за яго адказнасць перад любымі інстанцыямі, якія палічаць сябе ў праве прэтэндаваць на нейкія кампенсацыі або перад тымі інстанцыямі, якія лічаць што ў праве спаганяць з мяне за тое, што адбылося".