Майк Солар з Ібіцы прыехаў у Мінск на "Emotion Vibration". Фотарэпартаж.

Паці ''Emotion Vibration'' выклікала шмат эмоцый як у госця з Кіева Майка Солара, так і ў мінскіх ды-джэяў. Музычныя погляды ўкраінца і нашых беларускіх хлопцаў разыйшліся.  Вечарына мела нестандартны фармат: былі прадстаўленыя адразу тры музычныя напрамкі. Транс граў хэдлайнер Майк Солар і беларускі ды-джэй Ikos. Псі-транс – Дэлас з промагрупы “Euthanasia”, а драм-энд-басу дадаў Walder. Увагу да вечарыны ''Emotion Vibration'', што адбылася ў клубе "Стэп" 10 кастрычніка, прыцягнуў госць Майк Солар, бо ў Мінску пра яго ўжо чулі, у тым ліку і арганізатары мерапрыемства:

Саша, арганізатар: “Мы з ім знаёмыя ўскосна. Мы былі на ягоных вечарынах у Кіеве. Выбралі яго, хацелася нейкага прывозу, імя, якое б ведалі ў Мінску. А яго ведаюць у Мінску, таму што з кожным рэйвам у Кіеў значна больш ездзіць людзей. У яго тут, можна сказаць, фанаты ёсць."

Паколькі госць з Кіева грае ў стылі транс, вечарына чакалася адпаведная, але арганізатары спалучылі тры розныя музычныя напрамкі:

Саша: “Мы думалі спачатку зрабіць проста транс-вечарыну. У Мінску, калі нешта робяць, то падчас мерапрыемства грае музыка ў нейкім адным стылі. Таму мы вырашылі праэксперыментаваць і паставіць разам такія напрамкі, як транс, драм-энд-бас і псі-транс, і паглядзець ,як людзі на гэта адрэагуюць”.

Вова, арганізатар: “Я раблю кожную вечарыну не як вечарыну,  проста напоўненую шоў-праграмай. Я раблю вечарыну, якую сам магу ацаніць, з музыкай, якая падабаецца мне. І імкнуся на кожнай вечарыне знаходзіцца сярод танцпола. І рэальна магу ацаніць як проста наведвальнік, слухач, клабер, і ўласна як арганізатар пабачыць  усе плюсы-мінусы”

Майка Солара ведаюць як ды-джэя, які выступаў з найвядомымі еўрапейскімі транс ды-джэямі Airwave, Jon O'Bir і Martin Roth. Майк таксама шмат разоў наведваў Ібіцу і прыехаў у Мінск тыдзень пасля вяртання з сталіцы сусветнай электроннай музыкі.

Саша, арганізатар: “Гэта ды-джэй, які зараз вельмі шмат грае на вялікіх мерапрыемствах. Адпаведна, яго стыль сыходзіць з таго, што яму трэба рухаць вялікімі масамі людзей."

Беларускія ды-джэі паставіліся да Майка з цікаўнасцю, але крытыкавалі не шкадуючы:

Ikos: “Чалавек быў на Ібіцы, ён спазнаў пачуццё арыгінальнай Ібіцы. Магчыма, ён перадае гэта на танцполе, калі грае, але зараз я гэтага не бачу.”

Walder:  “Мне з прафесійнага пункту гледжання важны грув, кач, вайп. Менавіта так называюць тое, што раскачвае публіку. А тут у мяне  такое адчуванне, што б’юць нечым на дрэву і шмат-шмат рэйверу ад гэтага.  Можа, гэта гук такі дрэнны, не ведаю... Я не думаю, што па адной вечарыне варта адназначна судзіць пра гэтага чалавека.”

Дэлас: “Гэтая музыка вельмі эмацыянальная. І яна вельмі добрая для танцполаў, бо дзякуючы гэтым вакалам і мелодыі ўспрымаецца людзьмі вельмі добра. Яна добрая менавіта для танцаў. Ну а што наконт мінусаў — яна для мяне, як пустая гучыць...”

Сам Майк Солар прыехаў з Ібіцы з новымі ідэямі і эмоцыямі, і 10 кастрычніка імправізаваў для мінскай публікі.

Mike Solar: “Я не люблю рыхтаваць праграму. Я заўсёды граю экспромтам. Я люблю адчуваць публіку. Калі  я бачу, што гэты трэк пайшоў, я стаўлю наступны падобны. І такім чынам усё адбываецца ў прагрэсіі.”

Ikos: “Вельмі часта трансавыя ды-джэі граюць папулярны транс і той транс, які гучаў два-тры гады таму, гэта значыць вельмі вядомыя трэкі. Я бачу, што Майк Солар робіць тое ж самае. Я не магу сказаць, што гэта дрэнна, таму што вельмі шмат трэкаў, якія аджываюць сваё жыццё вельмі хутка, яны не рэалізуюць сябе. У гэтым плане Майк Солар малайчына.”