Мексіканцы ехалі на футбол у Беларусь на скрадзеным у Нямеччыне аўтамабілі

Трое мексіканцаў спрабавалі прыехаць у Беларусь на скрадзеным у Нямеччыне Ford S-Max. Аднак увечары 13 лістапада на пункце пропуску "Баброўнікі — Бераставіца" машыну праверылі польскія памежнікі. Высветлілася, што аўтамабіль у Шэнгенскай інфармацыйнай сістэме пазначаны, як скрадзены з пракату машын.

Як інфармуе прэс-служба Падляскай памежнай службы, Ford S-Max 2014 года выпуска, каштуе больш за 130 тысяч злотых (амаль 31 тысяча еўра). З трох мексіканцаў палякі затрымалі кіроўцу. Яму пагражае ад 3 месяцаў да 5 гадоў турмы.

Верагодна, мексіканцы спрабавалі патрапіць на сённяшні таварыскі матч футбольных зборных Беларусі і Мексікі, які пройдзе на "Барысаў-Арэне".

Фота — podlaski.strazgraniczna.pl