Мікалай Аўтуховіч можа змяніць усю сістэму медыцынскай дапамогі вязням

Ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, які знаходзіцца ў мінскім следчым ізалятары №1, агледзілі медыкі-стаматолагі. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў юрыст і праваабаронца Алег Воўчак. З яго словаў, гэта былі прадстаўнікі дзяржаўных медычных установаў. На словах яны пацвердзілі тое, што Аўтуховіч мае патрэбу ў дапамозе дантыста. Хутчэй за ўсё яны дадуць і адпаведнае пісьмовае заключэнне. Але цяпер паўстае пытанне, дзе зняволены прадпрымальнік можа лекавацца. Гаворка ідзе пра пратэзаванне зубоў, а гэтая працэдура патрабуе дадатковага абследавання і ва ўмовах турмы не робіцца. Хутчэй за ўсё яго трэба будзе лекаваць у прыватнай стаматалагічнай паліклініцы, кажа Алег Воўчак. І тут выкрываецца агульная праблема беларускай пенітэнцыярнай сістэмы.

Воўчак: “Праблема не ў Аўтуховічы — там такіх тысячы людзей, якім трэба зубы рамантаваць. Таму яны даўно павінны былі гэтую схемы адпрацаваць. Альбо рабіць кабінет у лякарні, якая знаходзіца ў нас на Панскага і за грошы забяспечваць дапамогай. Таму цяпер яны ламаюць галаву: як гэта выводзіць — з конвоем, без канвою, на легкавой машыне ці не на легкавой… Бо ў такіх умовах ніхто яму зубы не палекуе”.

Адзін з варыянтаў вырашэння праблемы — гэта стварэнне адпаведнай стаматалагічнай службы ў Рэспубліканскай лякарні для зняволеных, разважае Алег Воўчак. Калі б там працаваў доктар, што займаецца пратэзаваннем зубоў, шмат вязняў магло б вырашыць праблемы са здароўем, нават за грошы. І сітуацыя з Аўтуховічам можа зрушыць справу ў станоўчы бок.