Мілана Міхалевіч: Чалавек, які затрымаў Барбарыча, непрадстаўляўся
У клубе імя Дзяржынскага ў Мінску сёння быў затрыманы журналіст Генадзь Барбарыч. Ён размаўляў са сваякамі зняволеных у СІЗА КДБ апазіцыянераў.
Людзі прынеслі перадачы, але чакаць і афармляць паперы ад бюро прапускоў іх адправілі ў клуб.
Вось што распавяла пра абставіны затрымання Барбарыча прысутная там Мілана Міхалевіч, жонка палітвязня Алеся Міхалевіча: "Спадар Генадзь падыйшоў туды паразмаўляць, стаяў і гаварыў з кімсьці. Агулам нас было, здаецца, пяцёра. Да Барбарыча падыйшоў чалавек, не паказваў дакументаў, спытаў, "хто ён і на якой падставе бярэ інтэрв'ю?". Той адказаў, што не бярэ інтэрв'ю, проста размаўляе з людзьмі".
Пасля гэтага невядомы забраў у Барбарыча пашпарт і сказаў: "Пройдемте". Журналіста ён павёў у бок бюро прапускоў. Калі жанчыны пачалі спрабаваць даведацца, хто ж затрымаў Генадзя Барбарыча, ім сказалі, каб яны "займаліся сваімі справамі".
Як стала вядома, журналіста неўзабаве адпусцілі, але ў яго на пэўны час забралі дыктафон і выцерлі ўсе запісы на ім. Барбарычу заявілі, што ніякіх дзеянняў каля "рэжымнага аб'екту" ён ажыццяўляць не павінен, паведамляе БелаПАН.