Міліцыя заклікае пенсіянераў Гродзеншчыны не аддаваць грошы махлярам

Міліцыя заклікае пенсіянераў Гродзеншчыны не ўступаць у фінансавыя здзелкі з незнаёмцамі. Няўлоўныя жанчыны-махляркі “засвяціліся” ўжо і ў Гродзенскай вобласці.  Раней яны ашукалі дзесятак вясковых пенсіянераў з розных раёнаў Брэсцкай вобласці. Праваахоўнікі ніяк не могуць натрапіць на след гэтай злачыннай групы.

Днямі невядомая жанчына, якая прадставілася працаўніцай сацыяльнай установы, у вёсцы Белякоўшчына Гродзенскага раёна прапанавала бабулі абмяняць беларускія грошы на расійскія. Яна напалохала старую, што, нібыта, беларускія грошы неўзабаве будуць адмененыя.

Каб яе пераканаць, перапісала пашпартныя звесткі ў журнал і прадэманстравала поўную сумку грошай. У выніку 84-гадовая бабуля аддала махлярцы паўмільёна рублёў.

Такія ж выпадкі зафіксаваныя ў Шчучынскім і Лідскім раёнах, дзе пенсіянеры аддалі махляркам некалькі мільёнаў рублёў. Таксама дзейнасць злачыннай групы была адзначаная і на Віцебшчыне, паведамляе газета “Рэспубліка”.