Міліцыя злавіла махляра, які спаганяў штрафы нібы за наведванне порнасайтаў

Сёлета ў лютым-сакавіку на тэрыторыі Брэстчыны і іншых рэгіёнаў інтэрнэт-карыстальнікі часта скардзіліся, што іх камп'ютары блакуе невядомая шкодная праграма. Пры загрузцы камп'ютара праца аперацыйнай сістэмы блакавалася, а карыстальніку паведамлялі, што ён праглядаў і распаўсюджваў дзіцячае гей-порна. Для разблакоўкі прапанавалася заплаціць пэўную суму на рахункі абаненцкіх нумароў розных беларускіх аператараў сотавай сувязі, а таксама на электронныя кашалькі.Для застрашвання карыстальнікаў махляр дадаваў, што пасля аплаты справа карыстальніка будзе выдаленая з архіваў МУС Беларусі.



На аплату так званага "штрафу" махляр даваў сваім ахвярам 12 гадзін, інфармуе БЕЛТА. Праўда, нават пасля аплаты камп'ютар так і не пачынаў працаваць. Тым не менш толькі за два дні на пяць вядомых брэсцкай міліцыі тэлефонных нумароў ад даверлівых карыстальнікаў паступіла каля 40 мільёнаў рублёў. Пры гэтым у сярэднім "штраф за наведванне порнасайтаў" складаў 200 тысяч рублёў.



Некалькі месяцаў спатрэбілася міліцыянтам, каб выйсці на след зламыснікаў. Выявілася, што адзін з інтэрнэт-хуліганаў знаходзіўся ў Беларусі. Праваахоўнікі затрымалі 21-гадовага раней асуджанага брэстаўчаніна. На момант затрымання ён здымаў кватэру ў Мінску. На яго пачалі крымінальную справу за распаўсюд шкодных праграм.



Фота — ipnews.in.ua