Міліцыянты затрымалі злачынцаў, якія ў Мінску паранілі нажом таксіста

Міліцыянты затрымалі двух злачынцаў, якія нажом паранілі таксіста і забралі яго аўтамабіль. Нагадаем, здарэнне адбылося ў Мінску на вуліцы Чыгуначнай.
Як паведамiлi "Звяздзе" ў аддзеле iнфармацыi i грамадскiх сувязяў ГУУС Мiнгарвыканкама, выкрадзенае аўто — "Крайслер-Неон" было знойдзена праз некалькi гадзiн пасля нападу паблiзу вёскi Кляноўка Дзяржынскага раёна.

А вось злачынцаў па гарачых слядах узяць не ўдалося i для iх пошуку давялося задзейнiчаць значныя сiлы мiлiцыi. У вынiку ў хуткiм часе супрацоўнiкам крымiнальнага вышуку ўдалося ўстанавiць асобы крымiнальнiкаў.

Iмi аказалiся жыхары сталiцы 18 i 20 гадоў, адзiн з якiх раней асуджаўся за крадзеж i хулiганства. Праз пяць дзён пасля ўчынення злачынства пры падтрымцы спецназу падазроных затрымалi на вулiцы Сурганава i змясцiлi ў iзалятар часовага ўтрымання.