Мінлясгас называе сітуацыю з ляснымі пажарамі складанай, але не крытычнай
Перадумовы для высокай пажарнай небяспекі складваліся цягам усяго гэтага года.
Сітуацыя з ляснымі пажарамі ў Беларусі сёлета вельмі складаная, але не крытычная. Пра гэта заявіў журналістам 8 ліпеня намеснік міністра сельскай гаспадаркі Аляксандр Кулік. Прычынай напружанай пажаранебяспечнай абстаноўкі ён назваў неспрыяльныя ўмовы надвор’я. Зіма была маласнежнай і сухой, таму першыя лясныя пажары здарыліся ў Беларусі ўжо ў сакавіку. Прычынамі ўзгаранняў было масавае выпальванне лясной расліннасці на прысядзібных участках і сельгасземлях, калі агонь заходзіў у лясны фонд.
На 7 ліпеня 2015 года ў лясах зарэгістравана 514 лясных пажараў на плошчы болей за 2.200 гектараў, што нашмат болей за адпаведны перыяд мінулага года. Тады было 193 лясныя пажары на плошчы 70 га. Падобны сезон лясных пажараў быў у 2006 годзе, аднак самым складаным быў 2002 год, калі агонь захапіў каля 20 тысяч га лесу.
Аляксандр Кулік адзначыў, што ўсе гэтыя пажары прайшлі ў паўднёвай частцы краіны, то бок, на Палессі. Большая частка ўзгаранняў зафіксаваная на мяжы з Украінай, прычым агонь часта прыходзіў з украінскай тэрыторыі, перадае БелаПАН.
Фота з архіву