Мінскае шоў Стынга будзе такім жа, як і ва ўсім свеце, — Арганізатары

Стынг прывязе ў Мінск сваё арыгінальнае шоў без аніякіх музычных ці тэхнічных выняткаў. Пра гэта распавёў Еўрарадыё Серж Бандарчук, галоўны рэжысёр "Белдзяржцырка", які займаецца арганізацыяй беларускай часткі тура "Symphonicity" Стынга з брытанскім Каралеўскім філарманічным аркестрам: Серж Бандарчук: "Канцэрт Стынга будзе дакладна такі ж, які гледачы ўбачаць у іншых краінах. Тэхнічны бок відовішча будзе вельмі моцны. Якое менавіта абсталяванне будзе суправаджаць канцэрт, мы вам скажам бліжэй да падзеі. А пакуль гэта застанецца маленькім сакрэтам, які заўжды ёсць у фокуснікаў".

Арганізатары канцэрту запэўнілі, што праблемы з гукам, якія былі падчас выступлення ў "Мінск-Арэне" гурта Scorpions, на гэты раз не паўторацца. Па іх словах, нягледзячы на тое, што "Мінск-Арэна" — спартовая пабудова, яна зручная для правядзення канцэртаў. А дзіўны гук падчас мінскіх гастроляў Scorpions тлумачыўся наладкамі, якія выставіў на пульце ўласны гукарэжысёр "скарпоў".