"Мінскэнерга" просіць не лавіць пакемонаў каля энергетычных аб'ектаў
РУП "Мінскэнерга" выступіла ў сацыяльных сетках са зваротам да аматараў гульні Pokemon GO ды іншых геалакацыйных гульняў. Энергетыкі заклікаюць не лавіць пакемонаў каля энергетычных аб'ектаў, бо гэта небяспечна.
Гульня Pokemon GO за кароткі час стала надзвычай папулярнай ва ўсім свеце. Геймеры шукаюць віртуальных пакемонаў у рэальных месцах і ловяць іх з дапамогай сваіх тэлефонаў. Такім чынам, гульня працуе паводле прынцыпу дапоўненай рэальнасці.
Энергеткі нагадваюць, што катэгарычна забараняецца залазіць на апоры паветраных ліній электраперадач, а таксама гуляць пад імі, забірацца ў трансфарматарныя падстанцыі або за агароджу электрычных падстанцый і трансфарматараў. Забараняецца залазіць на дахі вагонаў, дамоў і пабудоваў, калі блізка ад іх праходзяць электрычныя драты. Нельга разбіваць лямпы ды ізалятары, адчыняць дзверкі размеркавальных шчытоў ды іншых электрычных прыстасаванняў у пад'ездах, падвалах, на гарышчах.