Мінскі баец пахаваў надзею палякаў, румынаў і ўкраінцаў (ФОТА, ВІДЭА)

Карэспандэнт Еўрарадыё пабачыў тры грандыёзныя перамогі нашага "Маўглі" на еўрапейскім Гран-пры К-1 і  патрапіў  ў распранальню беларускага чэмпіёна.
Мінскі тайбаксёр Забіт Самедаў, якога называюць “Маўглі”, змагаўся за выхад у паўфінал сусветнага чэмпіянату К-1. У гэтых спаборніцтвах, за якімі сочаць мільёны гледачоў, на адным рынгу змагаюцца лепшыя тайбаксёры, каратысты, таэквандысты і нават баксёры планеты. А мінскі баец Забіт Самедаў лічыцца адным з найпрыгажэйшых байцоў і мае фан-клубы па ўсім свеце.
 
Турнір у польскім горадзе Лодзь быў для яго адным з самых важных у жыцці.

Першае, што запыталіся ў Забіта на прэс-канферэнцыі, — чаму ён выходзіць у рынг пад двума сцягамі: беларускім і азербайджанскім.

“Таму што я каля 16 гадоў жыву на Беларусі, правёў тут усё дзяцінства, — тлумачыў Забіт. — Усё, што я ўмею, мне дала Беларусь. Але пра свае карані я забываць не хачу, таму выхаджу на бой пад двума сцягамі”.



Нагадаем, што трэнер байца, беларус Дзмітрый Пясецкі — першы чэмпіён свету па тайскім боксе сярод прафесіяналаў з краін былога СССР.

У канцы прэс-канферэнцыі Забіт агучыў свае планы на Гран-пры:

“Я самы маленькі  баец (усяго 93 кг вагі і 183 см росту, — Еўрарадыё) і самы хітры. Я ўсіх перамагу!”

Падтрымаць Забіта ў Лодзь прыехалі фанаты з Галандыі, Славакіі, Італіі, Германіі. Гэта толькі тыя, з кім пазнаёміўся карэспандэнт Еўрарадыё ў Палацы спорту Лодзі.

“Забіт, Забіт, Забіт!!!” — скандавалі фанаты “Маўглі”, часам перакрыкваючы тысячы польскіх балельшчыкаў.

І мінчанін здолеў правесці, бадай, лепшы турнір у сваім жыцці. У першым баі аднагалосна перамог чэмпіёна Літвы Міндаўгаса Сакалаўскаса. А ў другім сустрэўся з румынскай зоркай Раулем Кацінасам — якога за магутны ўдар з рук ахрысцілі “Забойцам”. Да сустрэчы з Забітам Кацінас “вырубіў” паляка Мікіну.

Паўфінал пераўтварыўся ў сечу, але мінчанін перайграў румына, стрымаўшы  забойны ўдар і перабіўшы яго нагамі і каленямі.

А ў фінале наш “Маўглі” нечакана выйшаў на новаспечанага чэмпіёна Еўропы па тайскім боксе ўкраінца Сяргея Лашчанку. Ужо ў першым раўндзе Забіт зваліў украінца правым бакавым ударам у галаву. Украінец здолеў падняцца, але ў другім раўндзе суддзя адлічыў другі накдаўн — Забіт адбіў Лашчанку нагу. Такім чынам, пераможцам турніру стаў Забіт Самедаў.

“Гэта фантастычна, мы пабачым яго ў Японіі, — апантана крычалі ўжо польскія балельшчыкі з Палацу спорту горада Лодзь. — Ён пераможа, пераможа ва ўсім K-1”.

Каля гадзіны “Маўглі” не мог прабіцца ў распранальню: яго абступілі фанаты з просьбамі даць аўтограф і сфатаграфавацца. А калі ўсё скончылася, карэспандэнт Еўрарадыё патрапіў у распранальню беларускай каманды.

“Мэта — трапіць у гэтым годзе ў фінал і максімальна добра там выступіць”, — сказаў змучаны, але шчаслівы Забіт.

“Сапраўдная перамога, а не які-небудзь падарунак, — працягнуў трэнер Дзмітрый Пясецкі. —  Малайчына, справіўся. Тры неверагодныя баі. Цяпер мы будзем рваць, бо ў нас ёсць мэта стаць чэмпіёнамі. А верыць у гэта мы будзем яшчэ больш”.




























Бой з чэмпіёнам Еўропы